2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спробы акупацыі Беларусі ва ўмовах сучаснай гібрыднай вайны ўспыхнулі з новай сілай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на ўрачыстым сходзе ў гонар Дня Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Спробы акупацыі Беларусі ва ўмовах сучаснай гібрыднай вайны ўспыхнулі з новай сілай. Паглядзіце, як і 80 гадоў таму, мы чуем аб "новым парадку" ад такіх жа носьбітаў "еўрапейскіх каштоўнасцей". На чале - тыя ж заходнія эліты", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў сумежных дзяржавах ды і ў Беларусі выраслі новыя выканаўцы, гатовыя для сваіх новых гаспадароў зрабіць усю брудную работу. "Мы разумеем, што гэтыя працэсы адбываюцца, як і ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, насуперак волі народаў еўрапейскіх дзяржаў, якія паважаюць і цэняць беларусаў як добрых, надзейных і беспраблемных суседзяў. Нашы сапраўдныя сябры ў бліжэйшых краінах нас зразумеюць. Мы не можам дапусціць, каб гісторыя паўтарылася. Таму вымушаны агучыць непрыемныя для іх памяці эпізоды", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Мы доўга маўчалі. Саромеліся. Мы не хацелі закрануць пачуцці дружалюбных нам народаў, якія не павінны адказваць за грахі ваенных злачынцаў: такіх як літоўскія "лясныя браты", бандэраўцы, бандыты Арміі Краёвай, іншыя забойцы мірнага насельніцтва Беларусі. Мы памятаем, што ў гэтым шэрагу здраднікаў былі і беларусы, збеглыя, якія не змаглі рэалізаваць свае палітычныя амбіцыі на Радзіме. З-за Буга тады яны вярнуліся на нашу зямлю з карнымі атрадамі СС. Вярнуліся, каб забіваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў: боль аб усіх злачынствах, учыненых у гады Вялікай Айчыннай вайны, да гэтага часу ў сэрцах беларусаў. "І мы рана супакоіліся, думаючы, што ўсе пераможаныя і змучаныя той вайной дзяржавы гэтак жа, як і мы, мараць зберагчы мір. Мір, за які савецкі народ заплаціў самую высокую цану", - заўважыў беларускі лідар.