24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Прэзідэнта Манголіі Ухнаагійн Хурэлсуха і ўвесь мангольскі народ з 30-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Манголіяй. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што дыялог дзвюх краін мае трывалыя гістарычныя карані, прасякнуты цеплынёй і павагай. "Манголія адной з першых прызнала суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. Мы шчыра ўдзячны за аказаную падтрымку, што адыграла важную ролю на этапе станаўлення маладой беларускай дзяржавы", - гаворыцца ў віншаванні.
Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў актывізацыю ў апошнія гады кантактаў з Улан-Батарам у розных сферах.
"Упэўнены, паспяховая рэалізацыя ўжо намечаных планаў і праектаў, сумесны пошук перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння дадуць магчымасць значна ўмацаваць патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва, пашырыць яго гарызонты і падняць на якасна новы ўзровень", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Ухнаагійн Хурэлсуху добрага здароўя і ўвасаблення ў жыццё ўсяго задуманага, а народу Манголіі - міру і працвітання.
У сваю чаргу Прэзідэнт Манголіі ў сваім віншавальным пасланні кіраўніку беларускай дзяржавы адзначыў, што 30 гадоў традыцыйна дружалюбныя адносіны паміж дзвюма краінамі паспяхова развіваліся ў многіх сферах, такіх як гандаль, эканоміка, сельская гаспадарка і адукацыя, садзейнічаючы працвітанню дзяржаў і дабрабыту народаў.
"Упэўнены, што нашы двухбаковыя адносіны і супрацоўніцтва будуць і ў далейшым пашырацца і ўмацоўвацца для пераадолення глабальных выклікаў, такіх як забеспячэнне ўстойлівага развіцця, барацьба з пандэміяй, змяненне клімату і апустыньванне, а таксама для дасягнення сацыяльна-эканамічных мэт і задач нашых краін", - падкрэсліў Ухнаагійн Хурэлсух.
Прэзідэнт Манголіі пажадаў Аляксандру Лукашэнку і беларускаму народу моцнага здароўя, дабрабыту і працвітання.