17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Прэзідэнта Ірландыі Майкла Хігінса і народ гэтай краіны з нацыянальным святам - Днём святога Патрыка. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы з задавальненнем адзначыў, што міждзяржаўныя і чалавечыя адносіны дзвюх краін маюць дружалюбны і даверны характар.
Прэзідэнт адрасаваў словы шчырай удзячнасці ірландскім грамадскім арганізацыям і прыватным асобам, якія на працягу апошніх дзесяцігоддзяў дапамагаюць у мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі, развіваюць рознабаковыя кантакты з пацярпелымі беларускімі рэгіёнамі.
"Разлічваю, што актыўнае гуманітарнае супрацоўніцтва і ў далейшым будзе садзейнічаць пашырэнню ўзаемадзеяння ў разнастайных галінах", - гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Майклу Хігінсу моцнага здароўя і поспехаў у палітычнай дзейнасці, а жыхарам Ірландыі - міру і дабрабыту.