19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь ніколі не была супраць прысутнасці міжнародных наглядальнікаў у час правядзення выбараў у краіне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 верасня на сустрэчы з кіраўнікамі выбарчых органаў краін СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Што датычыцца СНД, мы заўсёды за тое, каб вашы прадстаўнікі і вы былі ў нас на выбарах. Для нас гэта вельмі важна. Ваша сяброўская парада, заўвага ці нават крытыка ўспрымаюцца сур'ёзна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, пасля таго як у Беларусі будуць назначаны прэзідэнцкія выбары, Місіі наглядальнікаў ад СНД будзе накіравана адпаведнае запрашэнне.
"Сёння мы думаем, што рабіць з так званымі замежнымі наглядальнікамі, таму што мы ведаем: іх прыезд - гэта падрыхтаваныя дакументы, якія яны потым абвесцяць і падпішуць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што гэта інфармацыя стала вядома дзякуючы рабоце спецслужбаў. Яны высветлілі, што апошні раз заходнія наглядальнікі прыбылі на выбары сапраўды з падрыхтаванымі рашэннямі, заставалася толькі абвясціць іх, што і было зроблена. "Значыць, іх не цікавіць гэты працэс, яны ўжо загадзя вызначылі тое, што будуць рабіць у нашай краіне і падагульняючую заяву", - дадаў ён.
"Таму мы думаем, будзем з вамі раіцца ў тым ліку, з прадстаўнікамі Расійскай Федэрацыі - гэта наша бліжэйшая саюзная краіна, як нам зрабіць у гэтай сітуацыі. Нам, вядома, хацелася б, каб яны ўбачылі і расчараваліся ў тым меркаванні, з якім яны прыедуць да нас. Але мы не можам дапусціць, каб яны зноў прыехалі са сваімі талмудамі і зрабілі адпаведную заяву, якая падрыхтавана ўжо або якая напісана не іх рукой", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.