26 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з навучэнцамі "Моладзь. Погляд у будучыню" расказаў школьнікам аб якасцях сапраўднага лідара і заклікаў цаніць час, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Як Прэзідэнт і кіраўнік дзяржавы я проста абавязаны надаваць асаблівае значэнне маладому пакаленню. Таму што бачу ў вас заўтрашні дзень", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што лідарскія якасці патрэбны ў самых розных сферах, кіраванне краінай гэта ці канкрэтная вытворчасць. "Вы можаце быць лідарамі і ў працоўных калектывах. Сапраўдны лідар - гэта не толькі кіраўнік вялікага прадпрыемства, старшыня гар-, райвыканкама або кіраўнік урада і Прэзідэнт. Сапраўдны лідар - ён заўсёды лідар і ў калектыве. Вельмі спадзяюся, што вы і ёсць такія людзі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што маладыя людзі змогуць дасягнуць пастаўленых мэт. "У краіне створаны ўсе ўмовы, каб ваша дарога па жыцці была паспяховай. Існуючая сістэма адукацыі дазваляе зрабіць усвядомлены выбар прафесіі і рэалізаваць тыя здольнасці, якімі вы валодаеце", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама параіў школьнікам не траціць дарэмна каштоўны час у іх юныя гады. "У жыцці трэба рабіць усё ў свой час. Калі вы цяпер не зробіце тое, што павінны - атрымаць веды, пабудаваць фундамент свайго жыцця ў цэлым - заўтра ўжо будзе позна".
"Цяпер жыццё не тое, што ў вашых выкладчыкаў або ў мяне. Раней яно было больш спакойным. Цяпер жыццё вельмі спрасавана. Калі ты страціш год, ты заўтра не навярстаеш. У цябе не будзе гэтага часу. Твае равеснікі пойдуць наперад", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што ён вельмі рады гэтай сустрэчы, у тым ліку таму, што наведванне школы дало магчымасць успомніць яму свае гады і як вучня, і ў якасці выкладчыка. Ён запрасіў школьнікаў да шчырай размовы па самых розных пытаннях, пачынаючы ад удзелу ў грамадскім жыцці да пытання часу пачатку вучэбных заняткаў і мерапрыемстваў у шосты школьны дзень.