7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі гатовы правесці датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, але толькі паралельна з новымі выбарамі кіраўніка дзяржавы ў ЗША. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я за. Публічна аб гэтым гавару. Я за выбары, якіх яны патрабуюць. Я перажыву ўсё, пераступлю цераз тое, што мы незалежныя, суверэнныя. Я гатовы. Паралельна з амерыканцамі. Амерыканцы няхай назначаюць датэрміновыя выбары, і мы ў гэты ж дзень назначым у Беларусі выбары", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як у ЗША ішла выбарчая кампанія: людзі галасавалі па пошце, бюлетэні з подпісамі за Дональда Трампа выкідваліся ва урны. Гэтыя факты былі паказаны на ўвесь свет. "Яны выцерлі ногі аб дзеючага Прэзідэнта. Яны дагэтуль яму ў гэтым Твітары не даюць слова сказаць. Яны тады яго заблакіравалі. Які ж доступ да сродкаў масавай інфармацыі?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
Краіны ЕС папракаюць беларускія ўлады ў празмерным прымяненні сілы ў час пратэстаў. У той жа час, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, у ЗША ў прамым эфіры былі паказаны кадры забойства адной з пратэстуючых. "Навошта застрэлілі жанчыну? А колькі загінула?" - запытаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама нагадаў пра мінулагодняе затрыманне ў Мінеапалісе афраамерыканца Джорджа Флойда: паліцэйскі наступіў яму на горла, пераціснуў пазванкі і задушыў. "Мы ўсе гэта бачылі", - дадаў Прэзідэнт.
"І я не хачу сказаць, што паліцэйскія ў Амерыцы няправільна дзейнічалі, абараняючы парламент - святыню амерыканскай дэмакратыі. Дык чаму мы тады няправільна дзейнічалі, абараняючы сваю краіну? І яны нам прапануюць датэрміновыя выбары. Паўтараю: я - за. Разам з амерыканцамі: яны накасячылі больш. І мы ж да гэтага часу ад Еўрапейскага саюза чакаем заключэння па дзеяннях у Амерыцы. Чаму ж еўрапейцы - такія дэмакраты - маўчаць? Таму што ў саміх рыльца ў пуху: "У нас - іншае", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прычым такім чынам - "У нас - іншае, у нас жа - дэмакратыя" - неяк выказаўся сам Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, параўноўваючы дзеянні праваахоўнікаў у яго краіне пры падаўленні пратэстаў з падзеямі ў Беларусі. "Уяўляеце, на такім узроўні", - дадаў беларускі лідар.
"Таму выбары мы правядзём. Яны ў Амерыцы ніколі не пойдуць на перавыбары. А мы пойдзем - у любы дзень, як толькі яны абвесцяць аб датэрміновых выбарах. Каб было сумленна, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я без вялікіх намаганняў не магу ўявіць, каб мы па пошце галасавалі. Нас бы спаласавалі, мы нават не паспелі б прагаласаваць. Аб нас не проста ногі выцерлі б, нас проста парэзалі б і парвалі. А ў іх гэта можна. Гэта не двайныя стандарты, гэта вайна - на задушэнне, на тое, каб задушыць, забіць і каб мы ніколі не паднялі галавы. Таму што мы ім не падначаліліся, не скарыліся. Не таму, што мы такія героі, а таму што гэта супярэчыць нашым інтарэсам: мы не хочам больш хадзіць пад чыімсьці бізуном. Я і праводжу гэту палітыку. Я гэта абяцаў і буду рабіць".