26 красавіка, Нараўлянскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў, што адной з асноўных тэм на яго нядаўніх перагаворах у Маскве з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным было развіццё кааперацыі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы расказаў, адказваючы на пытанні журналістаў у Нараўлянскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ў канкрэтыку акунуліся. На аснове кааперацыі мы павінны ўдыхнуць у многія вытворчасці новае жыццё. У гэтым сутнасць інтэграцыі - апусціцца на зямлю і зрабіць тое, што нам сёння вельмі неабходна. Ніхто нас ніколі не падтрымае. Сведчанне таго цяперашні час: санкцыі супраць іх, санкцыі супраць нас. І гэта толькі пачатак. Нас будуць душыць-душыць", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тэмы развіцця інтэграцыі, новых саюзных праграм таксама абмяркоўваліся, але больш для пратакола ў пачатку сустрэчы. "Гэта правільна, але гэта вельмі агульна. Мы на гэты раз звярнуліся з Уладзімірам Пуціным да злабадзённых пытанняў: цэны на вуглевадародную сыравіну - газ, нафту, кааперацыя", - расказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што як у Расіі, так і ў Беларусі ёсць добрыя прадпрыемствы, але заўсёды паміж бакамі была "цягамоціна - хто каго". Акрамя таго, у краінах розныя падыходы да прыватызацыі.
"Цяпер час змяніўся, і абставіны нас прымусілі рэальна паглядзець на гэтыя рэчы. І мы дамовіліся, што не трэба нам адзін аднаго трэсці (не то за каўнер браць, не то за грудзі, і трэсці). Нам трэба кааперавацца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Напрыклад, доўга абмяркоўвалася праблема вытворчасці інтэгральных схем. Яшчэ з савецкіх часоў працуюць спецыялізаваныя прадпрыемствы, і такая прадукцыя патрэбна пры вытворчасці шырокага спектра тэхнікі - ад грамадзянскай да ваеннай. "Гэта высокатэхналагічная вытворчасць. Ніхто ім тавары гэтыя не дасць. І мы пастаўлены ў такую сітуацыю, што павінны самі гэта вырабіць, - сказаў Прэзідэнт. - Мы недзе адсталі, але ў нас кампетэнцыі, людзі ёсць".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Прэзідэнт Расіі заявіў аб гатоўнасці сумесна развіваць адпаведныя вытворчасці ў Расіі і Беларусі: "Трэба вызначыцца, хто што будзе рабіць. У Беларусі - адно, у Зеленаградзе другое, у Варонежы - трэцяе".
Кіраўнік дзяржавы ў гэтым плане адзначыў, што расіяне змаглі, напрыклад, зрабіць гіпергукавую зброю і перасягнуць у гэтым пытанні іншыя краіны. "Дык давайце сканцэнтруемся на пэўных участках і зробім. Вось сутнасць кааперацыі - скааперавацца ў тым, што ў нас ёсць, і зрабіць тое, што нам сёння трэба. Гэта галоўнае, аб чым ішла размова", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама адрэагаваў на разважанні некаторых псеўдааналітыкаў і апазіцыянераў на прадмет яго перагавораў з Прэзідэнтам Расіі ў наступным плане: "А, Лукашэнку ў кут загналі, дзявацца няма куды! Усё, Расія паглынула". "Нават размова аб гэтым не ішла. І сёння ім (апанентам дзеючай улады. - Заўвага БЕЛТА) хочацца нас штурхнуць на гэты шлях, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму нам трэба дзейнічаць і не дапускаць памылак. Калі б я паехаў, як яны вяшчалі, прадаваць або здаваць Беларусь, слухайце, гэта ім падарунак быў бы. А нам гэта не трэба. Я ўжо колькі разоў гаварыў: я - першы Прэзідэнт нашай незалежнай Беларусі, нам пашчаслівілася з вамі пабудаваць першую незалежную дзяржаву. Які Лукашэнка можа пайсці супраць гэтага і разбурыць яе або некаму здаць, або некуды ўнутр далучыць?! Я больш за ўсё зацікаўлены, каб мы былі незалежныя".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што на перагаворах не было размовы і аб ваенных базах. "Ні аб якіх базах мы не гаварылі. Навошта ў Беларусі ствараць базу, калі яна ў Смаленску - у трох мінутах палёту да таго ж Бабруйска. Навошта траціць вялікія грошы?"- задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі і Расіі зусім іншая стратэгія ў рамках АДКБ: "Наша зона адказнасці - беларускай арміі - захад. Калі толькі супраць нас агрэсія, у нас дастаткова сіл для таго, каб стрымаць яе ў першыя часы, пакуль разгорнецца ў тыле Расія. Там ёсць дзве-тры арміі, якія на гэтым напрамку павінны падтрымаць беларускую армію. Вось наша стратэгія. Пры чым тут гэтыя базы?"
"І нават калі базы... Журналісты малайцы (гэта я ўчора або сёння пачуў): слухайце, а што мы перажываем наконт таго, што ў Беларусі будуць нечыя базы - расійскія, кітайскія, японскія або яшчэ, можа, нечыя? А ў Германіі чые базы? Амерыканскія. А ў Польшчы, Румыніі чые базы - амерыканскія. Дык што вы нас у зман уводзіце, што мы незалежнасць страцім, яшчэ нешта. Вы ж іх ужо стварылі, яны ў вас там. Яны проста баяцца, каб мы, не дай бог, з расіянамі не дамовіліся і не аб'ядналі нашы ваенныя намаганні. Але мы нават аб гэтым не гаварылі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што нават калі б Беларусь і Расія проста пачалі гаварыць на гэту тэму, то гэта таксама было б падарункам для апанентаў. "Для таго, каб яны выйшлі і на вуліцах крычалі, што Расія захапіла Беларусь. Бачыце, змагары за незалежнасць, а чорт ведае дзе сядзяць. І яны сябе паказалі, за якую яны незалежнасць і куды яны хочуць нас прывесці. Гэта не Лукашэнка намеціў планы здачы Беларусі, гэта яны ўжо яе прадаюць. Яны збеглі ў свой час туды", - сказаў Прэзідэнт.