31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расійскімі войскамі ў Беларусі кіруе Прэзідэнт Беларусі. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Разумеючы, што Беларусь стаіць на прыкрыцці заходняга фланга Саюза Беларусі і Расіі, мы з Прэзідэнтам Пуціным прынялі рашэнне аб частковым разгортванні рэгіянальнай групоўкі войскаў. Трэніруем яе - а раптам. Гэта рашэнне рэалізавана. З восені мінулага года на беларускіх палігонах на ратацыйнай аснове размяшчаюцца ўзброеныя сілы расійскай арміі. Войскі займаюцца баявой падрыхтоўкай і знаходзяцца ў гатоўнасці да сумесных дзеянняў па ахове нашай агульнай абароннай прасторы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"І не трэба хвалявацца, што тут "Расія нешта захапіла". Усе гэтыя расійскія падраздзяленні абучаюцца пяццюстамі беларускімі афіцэрамі. Праводзіцца баявое зладжванне, вядзецца падрыхтоўка. Дзе трэба, узбройваюцца, матэрыяльна забяспечваюцца. Пад нашым камандаваннем. Расіі не да гэтага, ёй ёсць чым займацца. Таму не трэба палохаць людзей, што тут "Пуцін захапіў Беларусь". Мы, я кірую гэтымі войскамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, - заявіў Прэзідэнт. - Гэта я іх прывёз сюды для таго, каб абучыць, падрыхтаваць, аснасціць і разам навучыць працаваць, калі, не дай бог, давядзецца гэта рабіць".
Паводле яго слоў, укідваючы інфармацыю "аб захопе Беларусі", знешнія сілы хочуць выклікаць у краіне ўнутраную напружанасць і раздрай. Маўляў, страчваецца тэрытарыяльная незалежнасць і суверэнітэт.