30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка сёння на Алімпійскім сходзе НАК Беларусі прывёў у прыклад упартасць кідальніка молата Івана Ціхана і біятланісткі Дар'і Домрачавай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Не трэба сёння выдумляць штосьці, шукаць апраўданні і спасылацца на нейкія праблемы. У нас праблема толькі ў адным - трэнер і спартсмен. Я сказаў бы, нават больш спартсмен", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У прыклад Прэзідэнт паставіў беларускага кідальніка молата Івана Ціхана, які прыкладае неймаверныя намаганні для дасягнення найвышэйшых рэзультатаў. "Я вельмі шкадаваў, што Івану не ўдалося стаць алімпійскім чэмпіёнам (заваяваў серабро на Алімпіядзе ў Рыа. - Заўвага БЕЛТА), - прызнаўся кіраўнік дзяржавы. - Ён сціснуў зубы, выйшаў у сектар і даказаў, што ён спартсмен. А хто перашкаджае іншым?"
Самай паспяховай беларускай спартсменкай стала біятланістка Дар'я Домрачава, яна гатова прадаўжаць барацьбу пры любых абставінах. "Толькі нарадзіла, яшчэ дзіця на руках. Але яна здольна заваяваць медаль. А іншыя, якія праходзілі перадалімпійскую падрыхтоўку і да таго падобнае, не. Хто перашкаджае? Усё залежыць ад спартсмена, ад яго жадання", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Асобныя патрабаванні Прэзідэнт выстаўляе да кіраўнікоў спартыўных федэрацый. "Будзе рэзультат - я для вас нічога не пашкадую. Не будзе яго - выбачайце", - сказаў ён.