27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29-30 чэрвеня зробіць рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю, дзе прыме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета (ВДС) Саюзнай дзяржавы і чацвёртым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
На пасяджэнні ВДС плануецца абмеркаваць важнейшыя пытанні беларуска-расійскага ўзаемадзеяння. Адной з цэнтральных тэм парадку дня з'яўляюцца вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі за 2016 год. Бакі абмяркуюць пытанні нарошчвання супрацоўніцтва ў машынабудаўнічым сектары і аграпрамысловым комплексе.
Плануецца, што на пасяджэнні таксама будзе прааналізавана выкананне Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі, разгледжаны ход выканання Прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву. У парадак дня ўключаны і іншыя актуальныя пытанні.
Чакаецца, што перад пасяджэннем Вышэйшага дзяржаўнага савета адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, на якой бакі абмяркуюць найбольш важныя пытанні ўзаемадзеяння краін як на двухбаковай аснове, так і ў інтэграцыйных фарматах, абмяняюцца думкамі па тэматыцы міжнароднага парадку дня.
На 30 чэрвеня таксама запланаваны сумесны ўдзел кіраўнікоў дзяржаў у пленарным пасяджэнні чацвёртага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі на тэму "Вектары інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства".