27 верасня, Душанбэ /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з візітам у Таджыкістан для ўдзелу ў саміце СНД. Самалёт кіраўніка беларускай дзяржавы зрабіў пасадку ў аэрапорце сталічнага Душанбэ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У аэрапорце Аляксандра Лукашэнку сустракалі прэм'ер-міністр Таджыкістана Кахір Расулзада, мэр Душанбэ Рустам Эмамалі і першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта СНД Віктар Гумінскі.
Сустрэча лідараў краін Садружнасці адбудзецца ў Душанбэ 28 верасня. Кіраўнікі дзяржаў правядуць перагаворы ў вузкім і пашыраным фарматах. Яны абмяркуюць пытанні палітычнага ўзаемадзеяння, далейшае развіццё супрацоўніцтва ў культурна-гуманітарных галінах і ў сферы бяспекі. У час пасяджэння таксама будзе разгледжана ўдасканаленне прававога і арганізацыйна-кадравага забеспячэння дзейнасці СНД.
Чакаецца, што на палях саміту Аляксандр Лукашэнка правядзе шэраг сустрэч і перагавораў з замежнымі лідарамі.
Сёння ў Душанбэ сабраўся Савет міністраў замежных спраў краін СНД. Яны абмяняліся меркаваннямі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня і ўзаемадзеяння ў рамках Садружнасці, разгледзелі праекты дакументаў, якія будуць абмяркоўвацца 28 верасня на вышэйшым узроўні.
У час візіту Прэзідэнта ў Душанбэ таксама запланаваны двухбаковыя беларуска-таджыкскія мерапрыемствы. Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон абмяркуюць супрацоўніцтва дзвюх краін у розных галінах і азнаёмяцца з рэалізацыяй дасягнутых раней дамоўленасцей.
Пасол Беларусі ў Таджыкістане Алег Іваноў заявіў журналістам аб гатоўнасці праекта ўсёабдымнага дагавора паміж Беларуссю і Таджыкістанам аб стратэгічным партнёрстве, а таксама анансаваў сумесную паездку лідараў дзвюх краін на зборачную вытворчасць беларускіх трактароў у горад Гісар. Там створаны поўны цыкл, які ўключае пастаўку камплектуючых з Беларусі, зборку, паралельна абучэнне персаналу, выкарыстанне тэхнікі на палях і збор ураджаю. "Прэзідэнтам пакажуць ураджай гэтага года, які ўбраны з выкарыстаннем беларускай тэхнікі, сабранай у Гісары. Гэта і бавоўна, і пшаніца, і агароднінныя культуры", - расказаў дыпламат.
Як паведамлялася, кіраўнік беларускай дзяржавы наведваў Таджыкістан з афіцыйным візітам у маі гэтага года. Прэзідэнты тады разам адкрылі зборачную вытворчасць беларускай сельгастэхнікі ў Гісары, якая была ўключана ўрадам Таджыкістана ў пералік асабліва важных аб'ектаў. "У верасні я буду тут і пагляджу ўжо, як вы гандлюеце. Вы ўжо даложыце нам, на якія рынкі выйшлі. Мы ж хочам стварыць тут апорную пляцоўку, каб разам выходзіць на іншыя рынкі", - заявіў на прадпрыемстве Аляксандр Лукашэнка.