13 чэрвеня, Бішкек /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з двухдзённым рабочым візітам у Кыргызстан. Самалёт кіраўніка дзяржавы зрабіў пасадку ў міжнародным аэрапорце Манас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы прыме ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, дзе Беларусь мае статус дзяржавы-наглядальніцы.
Выступленне Аляксандра Лукашэнкі плануецца ў час пасяджэння савета ў пашыраным складзе. Прэзідэнт акрэсліць пазіцыю Беларусі па актуальнай міжнароднай тэматыцы і далейшым развіцці супрацоўніцтва ў рамках гэтага інтэграцыйнага аб'яднання.
Як паведамляе ТАСС, сустрэча кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц ШАС пачнецца ў Бішкеку 14 чэрвеня з нарады ў вузкім складзе, якая традыцыйна пройдзе ў закрытым рэжыме. Плануецца абмеркаваць бягучы стан і перспектывы далейшага паглыблення ўзаемадзеяння па такіх напрамках, як бяспека, процідзеянне тэрарызму і наркатрафіку, пытанні развіцця эканомікі, прамысловасці, супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Акрамя таго, удзельнікі закрытай сустрэчы абмяркуюць стан спраў у Афганістане і сітуацыю на Блізкім Усходзе.
Затым удзельнікі саміту правядуць пасяджэнне ў пашыраным складзе з удзелам кіраўнікоў дэлегацый краін-наглядальніц. Таксама будуць прысутнічаць кіраўнікі шэрага міжнародных арганізацый, у тым ліку намеснік генеральнага сакратара ААН, старшыня Выканкама СНД, выконваючы абавязкі генеральнага сакратара АДКБ і старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. На пашыраным пасяджэнні трэба будзе абмеркаваць актуальныя праблемы глабальнай бяспекі і рэгіянальнай стабільнасці.
Па выніках саміту лідары ШАС, як чакаецца, падпішуць Бішкекскую дэкларацыю, у якой будзе адлюстравана пазіцыя бакоў па далейшым расшырэнні арганізацыі. У гэтым дакуменце таксама будуць выказаны ўзгодненыя ацэнкі па актуальных міжнародных і рэгіянальных пытаннях. Акрамя таго, плануецца падпісаць значны пакет іншых дакументаў.
Вечарам 13 чэрвеня ў Бішкеку запланавана правядзенне нефармальнай вячэры ад імя Прэзідэнта Кыргызстана ў гонар кіраўнікоў дэлегацый, якія прымаюць удзел у саміце ШАС, а таксама гала-канцэрт.
Рашэнне аб павышэнні статусу Беларусі ў ШАС да наглядальніка было прынята ў ліпені 2015 года на саміце кіраўнікоў дзяржаў ва Уфе. Беларусь таксама прымае ўдзел у статусе наглядальніка ў пасяджэннях Савета кіраўнікоў урадаў, нарадах міністраў краін ШАС, якія адказваюць за знешнеэканамічную і знешнегандлёвую дзейнасць, канферэнцыях па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, мерапрыемствах няўрадавых структур арганізацыі: Дзелавога савета і Міжбанкаўскага аб'яднання.
Цікавасць для Беларусі ўяўляе развіццё агульнай транспартнай прасторы ШАС, міжнародных аўтамабільных перавозак, а таксама скаардынаванае развіццё аўтамабільных дарог, чыгуначных перавозак, што будзе садзейнічаць удзелу ў мультымадальных перавозках, удасканаленню транспартнай інфраструктуры і раскрыццю транзітнага патэнцыялу. Беларусь таксама далучылася да Пагаднення паміж урадамі дзяржаў - членаў арганізацыі аб стварэнні спрыяльных умоў для міжнародных аўтамабільных перавозак.
Дынамічна развіваецца ўзаемадзеянне ў ваеннай сферы, па лініі Выканаўчага камітэта Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры ШАС.
Беларусь ажыццяўляе ўзаемадзеянне з ШАС па многіх напрамках культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва, уключаючы сустрэчы кіраўнікоў міністэрстваў культуры, кантакты па лініі культурна-інфармацыйных цэнтраў, фондаў і саюзаў, а таксама на парламенцкім напрамку.
ШАС - пастаянна дзеючая міжурадавая міжнародная арганізацыя. Аб яе стварэнні было аб'яўлена 15 чэрвеня 2001 года ў Шанхаі. Да асноўных мэт арганізацыі адносяцца: умацаванне ўзаемнага даверу і добрасуседства паміж краінамі-ўдзельніцамі; садзейнічанне іх эфектыўнаму супрацоўніцтву ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай галінах, у сферы адукацыі, энергетыкі, транспарту, турызму, аховы навакольнага асяроддзя і іншых; сумеснае забеспячэнне і падтрыманне міру, бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне; рух наперад да стварэння дэмакратычнага, справядлівага і рацыянальнага новага міжнароднага палітычнага і эканамічнага парадку.
Цяпер членамі ШАС з'яўляюцца восем краін: Індыя, Казахстан, КНР, Кыргызстан, Пакістан, Расія, Таджыкістан, Узбекістан. Беларусь разам з Афганістанам, Іранам і Манголіяй маюць статус дзяржаў-наглядальніц. Акрамя таго, яшчэ шэсць краін - Азербайджан, Арменія, Камбоджа, Непал, Турцыя і Шры-Ланка - з'яўляюцца партнёрамі па дыялогу ШАС.