Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

15 Лют 2019

Лукашэнка просіць Расію падзяліцца кадрамі для развіцця ў Беларусі некаторых відаў спорту

Лукашэнка просіць Расію падзяліцца кадрамі для развіцця ў Беларусі некаторых відаў спорту
У час сустрэчы

15 лютага, Сочы /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы па гуманітарных пытаннях з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным выказаў зацікаўленасць у падтрымцы Расіі для развіцця ў Беларусі некаторых відаў спорту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка агучыў адпаведную просьбу на прыкладзе фігурнага катання, адзначыўшы, што ўсе базы і асноўныя школы ў час СССР былі менавіта на тэрыторыі Расіі. Цяпер яны не толькі атрымалі далейшае развіццё, але і перасягнулі ранейшы ўзровень. "У Расіі лішак калі не трэнераў, то спартсменаў сапраўды", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што многія таленавітыя спартсмены, якія ў Расіі на нацыянальным узроўні займаюць месцы па-за прызавой тройкай, не маюць магчымасці ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. "Паколькі ў нас вакансій у Беларусі дастаткова, маглі б гэтыя хлопцы і дзяўчаты выступаць і за Беларусь, - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. - Мы просім, каб спектр расіян быў пабольш тут. Няхай выступяць за Беларусь. Ну а калі яны падрыхтуюцца, то няхай і паканкурыруюць з расійскімі вядучымі зоркамі".

"Тое ж самае і наконт трэнераў, асабліва наконт спецыялістаў. Мы прадастаўляем дастаткова лёду, калі гаварыць пра фігурнае катанне, - дадаў беларускі лідар. - Нядрэнна было б, калі б расіяне падзяліліся талентамі, каб узняць гэты спорт на адпаведны ўзровень".

Беларусь таксама зацікаўлена ў падтрымцы расійскага боку ў развіцці фехтавання.

"Што датычыцца іншых напрамкаў, - мастацтва, навукі і іншага, - там яны (беларусы і расіяне. - Заўвага БЕЛТА) пратапталі адзін аднаму дарогу", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым ён падкрэсліў, што на вышэйшым узроўні было вырашана ўдзяліць увагу пытанням супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, таму сустрэча прайшла з удзелам галіновых міністраў, якія курыруюць спорт, адукацыю і культуру. "Значна больш робіцца ў рамках нашых адносін, Саюзнай дзяржавы, чым я як Прэзідэнт гэта сабе ўяўляў. Гэта радуе, - падзяліўся кіраўнік дзяржавы ўражаннямі ад праведзенага абмеркавання. - Калі слухаеш міністраў, вельмі прыемна, што яны размаўляюць на адной мове. Я не маю на ўвазе рускую мову (гэта таксама важна). Яны разумеюць адзін аднаго".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што бакі на розных узроўнях выбудавалі добрую сістэму для развіцця адносін. Складнікі гэтай сістэмы не толькі сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, але і цесныя кантакты міністэрстваў у розных сферах. "На рэгіянальным узроўні праводзіцца Форум рэгіёнаў, і эфект каласальны", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Расіі таксама падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, якая з'яўляецца фундаментам і асновай развіцця любога грамадства. "Усё, што робіцца ў гэтай сферы, накіравана на чалавека. Гэта ўмацаванне чалавечага патэнцыялу. Без гэтага немагчыма вырашаць ніякія іншыя задачы, таму сённяшняя сустрэча мае вельмі важнае значэнне", - сказаў ён. Уладзімір Пуцін прапанаваў правесці сумесныя калегіі беларускіх і расійскіх ведамстваў, якія курыруюць гуманітарныя сферы супрацоўніцтва, і вызначыць планы сумеснай работы на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектывы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі