29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі неабходна на заканадаўчым узроўні надзяліць уладнымі паўнамоцтвамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з актывам БРСМ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ў некаторай ступені недастаткова ўвагі ўдзяляем нашаму маладзёжнаму руху. І нам трэба заняцца гэтым пытаннем неадкладна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Яны (актыў БРСМ. - Заўвага БЕЛТА) павінны ўнесці прапановы, зыходзячы ўжо са свайго, няхай невялікага, вопыту, што мы можам зрабіць і чаго яны хочуць. А мы, улада, павінны адказаць на гэта пытанне законамі, указамі, распараджэннямі, каб надзяліць нейкімі ўладнымі паўнамоцтвамі, мякка кажучы, правамі гэту маладзёжную арганізацыю".
Прэзідэнт падкрэсліў, што ініцыятыва павінна зыходзіць менавіта ад маладых людзей. Ён правёў аналогію з развіццём у краіне сферы высокіх тэхналогій: улада не ўказвала ІТ-кампаніям, як яны павінны развівацца, а выслухала іх прапановы і рэалізавала лепшыя з іх.
"Вы зрабілі правільны выбар, папоўніўшы рады нашай маладзёжнай арганізацыі. Цяпер вы павінны зрабіць так, каб арганізацыя стала ў добрым сэнсе слова сапраўды баяздольнай, - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў сустрэчы. - Вас шмат, але вы не ўся наша моладзь. І вы павінны стаць цэнтрам прыцяжэння для астатніх равеснікаў і ўсіх дзяцей Беларусі, прыкладам актыўнага, сур'ёзнага ўдзелу ў жыцці краіны, каб за вамі пайшлі астатнія".
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што самае галоўнае на гэтым шляху - адсутнасць усялякага фармалізму. "Не трэба нікога сілай цягнуць у арганізацыю. Гэта будзе нават не столькі важна: у арганізацыі наша моладзь ці не. Галоўнае, каб вы маглі ўплываць на тую моладзь, якая засталася па-за арганізацыяй. А для таго, каб за вамі пайшлі, трэба жыць тым жыццём, якім жыве сёння моладзь. Калі вы адгарадзіліся ад моладзі нейкай непраходнай сцяной, грош вам цана, вы проста загубіце будучае маладзёжнай арганізацыі. Вы павінны рабіць тое, чым жыве моладзь, і быць на паўкроку, на крок наперадзе, каб быць арыенцірам для яе", - адзначыў Прэзідэнт.
"Трэба менш гучных слоў і больш канкрэтных спраў. Не распыляйцеся, не спрабуйце ахапіць усё і быць усюды - вы не паспееце. Вызначыцеся ў галоўным, па меры руху вы будзеце дабаўляць тыя ці іншыя напрамкі, якія зможаце пацягнуць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Не кідайцеся на тое, чаго вы не можаце пацягнуць... Сёння ідзе барацьба, страшэннае проціборства, памылак дапускаць нельга, паколькі праціўнікі будуць жорстка гэта выкарыстоўваць. Яны будуць рабіць усё для таго, каб вы спатыкнуліся і ўпалі. Таму будзьце акуратныя і асцярожныя, давайце будзем разам раіцца".
У якасці новых напрамкаў дзейнасці Аляксандр Лукашэнка прапанаваў ствараць моладзі рабочыя брыгады, паколькі ў краіне сёння не хапае рабочых рук, ёсць дзе прымяніць свае сілы ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы. "Вам будуць рады на нашым новым заводзе "БЕЛДЖЫ", на БелАЗе, на швейных і іншых прадпрыемствах. Гэта будзе ваш уклад ва ўмацаванне эканомікі краіны. Вазьміце шэфства над будаўніцтвам вялікага аб'екта. Назавіце яго "маладзёжным", каб таксама пакінуць свой БАМ у гісторыі ўжо сучаснай Беларусі", - дадаў Прэзідэнт.
"Кожны з вас павінен зразумець: нічога ў свеце не даецца без вельмі цяжкай працы і выпрабаванняў, лёгкага хлеба не бывае, - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. - Трэба актыўней падключацца да пытанняў дзяржаўнага кіравання. Калі ў вас ёсць сур'ёзныя прапановы, мы можам абмеркаваць іх сёння. Слушныя, разумныя ідэі будуць пачуты і ўлічаны".
Аляксандр Лукашэнка пажадаў маладым людзям быць стойкімі, непахіснымі і цвёрдымі, абараняючы сваё роднае: зямлю і людзей, гісторыю краіны і памяць, культуру і каштоўнасці. "Пры гэтым заставайцеся сумленнымі і прыстойнымі. Проста будзьце добрымі людзьмі. Толькі так мы захаваем нашу Беларусь", - рэзюмаваў ён.