16 кастрычніка, Бурабай /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным прапанаваў яму ў бліжэйшы час вызначыцца па актуальных пытаннях двухбаковых адносін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы маглі б у першым прыбліжэнні вызначыць тыя пытанні, якія мы з вамі ў беларуска-расійскіх адносінах у Саюзнай дзяржаве павінны выпрацаваць і абмеркаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі прапанаваў вызначыцца і канчаткова прыняць рашэнні па тых пытаннях, па якіх яны наспелі, або на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета, або ў час яго візіту ў Маскву.
Закранаючы супрацоўніцтва ў СНД, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі і Расіі супадаюць пункты гледжання па ўсіх пытаннях. Прэзідэнты сышліся на думцы, што такая пляцоўка для супрацоўніцтва неабходная, калегі з іншых краін - членаў СНД салідарныя з тым, што яе неабходна прыстасаваць да рэалій сённяшняга дня.
Уладзімір Пуцін у сваю чаргу яшчэ раз павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах і выказаў упэўненасць у прадаўжэнні эфектыўнай сумеснай работы па ўдасканаленні механізмаў Саюзнай дзяржавы, у сферы эканомікі, узгаднення пазіцый на міжнароднай арэне, у сацыяльнай сферы.