30 чэрвеня, Масква /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час выступлення на пленарным пасяджэнні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прапанаваў навуковай супольнасці дзвюх краін актывізаваць сумесную падрыхтоўку маладых вучоных, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што кадравы патэнцыял навукі застаецца ключавым фактарам у многіх сферах. У Беларусі яго не толькі захавалі, але і прымножылі. "Тут трэба адзначыць супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы маладых вучоных. Звяртаюся да навуковай супольнасці нашых краін з прапановай актывізаваць работу ў гэтай сферы. Маладыя вучоныя павінны мець усе магчымасці для цесных кантактаў са сваімі калегамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама лічыць, што неабходна ўзмацніць узаемадзеянне навуковых школ па самых перспектыўных напрамках. У прыклад ён прывёў супрацоўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам.
Асноўным лакаматывам сумеснай навукова-даследчай дзейнасці традыцыйна выступаюць акадэміі навук Беларусі і Расіі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Так, у НАН Беларусі створаны і паспяхова дзейнічаюць сем сумесных беларуска-расійскіх цэнтраў і лабараторый. У стадыі фарміравання яшчэ тры - з Курчатаўскім інстытутам у Маскве, Інстытутам біялогіі гена Расійскай акадэміі навук і Кузбаскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам.
"Перакананы, што высокім навуковым крытэрыям у поўнай меры павінны адпавядаць і праграмы, якія мы фінансуем у рамках Саюзнай дзяржавы. Намі ўжо рэалізавана больш за сорак саюзных навукова-тэхнічных праграм у розных галінах", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Гэта дало магчымасць аб'яднаць інтэлектуальны, тэхнічны, вытворчы і фінансавы патэнцыял Беларусі і Расіі, умацаваць нацыянальную бяспеку.
"Безумоўна, у супрацоўніцтве з суб'ектамі Расійскай Федэрацыі мы робім акцэнт на ўзаемадапаўненні нашых магчымасцей, сумесным удзеле ў рэалізацыі праектаў, федэральных і рэгіянальных праграм", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.