24 лістапада, Гомельская вобласць /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў размове з журналістамі ў час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць пракаменціраваў сітуацыю з украінскімі шпіёнамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што шпіёнская справа абмяркоўвалася на яго сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, якая адбылася ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах у пачатку лістапада бягучага года. "Ён (Парашэнка. - Заўвага БЕЛТА) мне задаў гэта пытанне. І я яму адказаў фактамі. Я яму прызнаўся, што з першага да апошняга дня аперацыі па нейтралізацыі шпіёнскай сеткі быў у курсе. Такая практыка - старшыня КДБ мне далажыў адразу", - паведаміў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што на сустрэчы з Пятром Парашэнкам у ААЭ была дасягнута дамоўленасць не апавяшчаць аб гэтай справе, але ўкраінскі бок яе парушыў. "Яны паднялі гвалт, усё вылілася ў сродкі масавай інфармацыі. Што мне заставалася рабіць? Я адмяніў сваё рашэнне і сказаў выкласці некаторыя факты ў СМІ, каб людзі разумелі, што мы не нагнятаем абстаноўку ў адносінах з Украінай. І мы паказалі. Гэты чалавек прызнаўся, дзе працаваў, як працаваў. Вялікая колькасць матэрыялаў дадаткова ёсць. Не ведаю, навошта быў патрэбны гэты скандал. Але яны парушылі нашу дамоўленасць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Пры гэтым ён адзначыў, што ніякага маскоўскага следу ў гэтай справе шукаць не трэба, таму што яго там няма.
У адносінах да асоб, якія маюць дачыненне да гэтай справы, у Беларусі дзейнічаюць выключна ў адпаведнасці з заканадаўствам, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. "Я гэтага палкоўніка па званні, які проста працаваў пад прыкрыццем журналіста, разумею. Многія дзяржавы так сябе паводзяць - пад прыкрыццем журналіста, дыпламатаў працуюць разведчыкі. Я ўжо з гэтым сутыкаўся шмат разоў. Але як зразумець беларуса, які за капейкі працаваў на замежную, няхай нават і не зусім чужую, разведку?" - абурыўся Аляксандр Лукашэнка.
Як паведамлялася раней, Камітэтам дзяржаўнай бяспекі 25 кастрычніка пры правядзенні агентурнай акцыі з доказамі злачынства быў затрыманы кадравы супрацоўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Павел Шарайко. У Беларусі ён стварыў агентурную сетку з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі яго заданне па зборы звестак разведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы. У адносінах да Паўла Шарайко ўзбуджана крымінальная справа па арт. 358 КК Беларусі (шпіянаж) і прынята рашэнне аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.
Павел Шарайко расказаў, што каардынацыю па яго разведвальнай дзейнасці ажыццяўляў супрацоўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Ігар Скварцоў, дзеючы пад прыкрыццем пасады саветніка пасольства Украіны ў Беларусі. За дзейнасць, несумяшчальную з дыпламатычным статусам, Ігар Скварцоў аб'яўлены персонай нон грата.