Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

26 Май 2021

Лукашэнка пракаменціраваў інцыдэнт з самалётам Афіны-Вільнюс і раскрыў новыя падрабязнасці

Лукашэнка пракаменціраваў інцыдэнт з самалётам Афіны-Вільнюс і раскрыў новыя падрабязнасці
Фота з архiва

26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з парламентарыямі, членамі Канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання пракаменціраваў інцыдэнт з рэйсам Афіны - Вільнюс і раскрыў новыя падрабязнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Як мы павінны былі зрабіць, асабліва на фоне каскада пагроз аб мініраванні нашых аб'ектаў? Вы жывяце ў Беларусі і ведаеце: кожны дзень "мініруюць" то школы, то ўніверсітэты, то прадпрыемствы. Ды і самалёты з ІР-адрасоў у Польшчы, Літве і Латвіі. У кожным выпадку мы рэагавалі адэкватна атрыманай інфармацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў выпадку і з рэйсам Афіны - Вільнюс сігнал аб мініраванні самалёта быў атрыманы з-за мяжы - са Швейцарыі. Прытым паведамленне паступіла ў аэрапорты Афін, Вільнюса і Мінска адначасова. Беларускі бок аператыўна давёў інфармацыю да экіпажа самалёта ў адпаведнасці з міжнароднымі правіламі. "Таму што ў гэты час самалёт перасек граніцу Беларусі і знаходзіўся ў нашай паветранай прасторы. Мы давялі гэту інфармацыю да пілотаў самалёта, вымушаны былі яе апублікаваць. ХАМАС, не ХАМАС - гэта сёння не мае значэння. У экіпажа быў час, каб прыняць рашэнне. У нас у паветры пад пагрозай знаходзіліся 123 пасажыры з розных краін і 6 членаў экіпажа. У раёне палётаў размешчана БелАЭС. Паблізу ад яе і адбыўся разварот гэтага самалёта. А калі б раптам... Нам што, мала Чарнобыля? А як бы ў такой сітуацыі рэагавалі ЗША з улікам свайго сумнага вопыту?" - задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

"Справа не толькі і не столькі ў гэтым знішчальніку, які быў узняты абсалютна па ўсіх правілах. Справа яшчэ і ў тым, аб чым мы не гаворым, што па маім распараджэнні ўсе сістэмы абароны атамнай станцыі, у тым ліку проціпаветраная абарона, былі ўзняты па трывозе, імгненна пераведзены ў рэжым поўнай баявой гатоўнасці. Па сваіх службовых абавязках я павінен быў абараніць людзей, я думаў пра бяспеку краіны. І зразумейце простую рэч: калі б самалёт быў замініраваны, і было б жаданне ў тэрарыстаў яго ўзарваць, мы наўрад ці дапамаглі б. Але я не мог дапусціць, каб самалёт упаў на галовы нашых людзей. Пасля таго... Мы яе не забылі... Гэтыя два хлопцы загінулі, адводзячы самалёт ад жылых пабудоў. Таму не трэба мяне папракаць. Я дзейнічаў законна, абараняючы сваіх людзей. Так будзе і ў далейшым", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што алгарытм дзеянняў у такіх надзвычайных сітуацыях толькі адзін: неадкладная пасадка самалёта і выратаванне людзей. "Мы дзейнічалі ў строгай адпаведнасці з авіяцыйнымі правіламі бяспекі. Гэта прызнаюць спецыялісты і эксперты. Але рашэнне прымалі не мы. Па ўсіх правілах і інструкцыях рашэнне прымае камандзір экіпажа, і мы прапанавалі дапамогу. Камандзір экіпажа чвэрць гадзіны думаў, раіўся з гаспадарамі (мы гэта ведаем) і супрацоўнікамі аэрапорта ў Вільнюсе. Няхай апублікуюць гэтыя даныя. Не мы ж іх павінны публікаваць. Вы ўяўляеце, 15 хвілін у такой сітуацыі (можа, нават больш) ён сазвоньваўся і раіўся", - адзначыў Прэзідэнт.

У той жа час кіраўнік дзяржавы назваў нелагічнымі дзеянні пілотаў, якія пасля раздумванняў і сазвонаў усё ж такі вырашылі сесці ў Мінску, да Вільнюса ж заставалася ўсяго 70 кіламетраў. Беларускі бок, паводле яго слоў, ужо не чакаў, што самалёт вырашыць вярнуцца. "А цяпер галоўнае пытанне: чаму ніхто не захацеў прыняць самалёт? Ні Вільнюс, куды ён ляцеў, ні Варшава, ні Львоў або Кіеў, калі мы паведамілі пра ўзрыўчатку. Чаму тыя, хто цяпер пакутуе і рыдае, не прынялі гэты самалёт? Спалохаліся адказнасці? Або камусьці вельмі трэба было, каб ён прызямліўся менавіта ў Мінску?" - спытаў Прэзідэнт.

Беларусь абвінавачваюць у тым, што яна накіравала знішчальнік нібыта для прымушэння да пасадкі пасажырскага самалёта. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта інсінуацыі - абсалютная хлусня. МІГ-29 узнімаўся ў адпаведнасці з алгарытмам дзеянняў сіл ППА і для забеспячэння бяспекі палёту. "Ён павінен быў ні ў якім выпадку не дапусціць адхілення грамадзянскага судна з узрыўчаткай (мы ж так яго ўспрымалі, пакуль не даследавалі яго) ад курсу. Калі б раптам нешта здарылася, МІГ-29 павінен быў перадаць каардынаты нашым ратавальнікам (верталётам перш за ўсё), якія імгненна павінны былі прыбыць у пункт падзення самалёта. І больш таго, гэты самалёт, калі трэба было б, павінен быў забяспечыць сувязь грамадзянскага самалёта з дыспетчарамі. І калі б раптам, не дай бог, нешта здарылася і ў пілотаў узніклі праблемы з пасадкай, ён павінен быў вывесці гэты самалёт на ўзлётна-пасадачную паласу ў аэрапорце Мінска", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым заўважыў: беларускі знішчальнік быў узняты ў паветра пасля таго, як пасажырскі самалёт вырашыў прызямліцца ў Мінску і развярнуўся ў бок беларускай сталіцы. "Дзякуй бы сказалі за гэта. Мы абавязаны былі так зрабіць, каб забяспечыць бяспеку ў паветры і - самае галоўнае - на зямлі, - падкрэсліў ён. - Мы рабілі ўсё, каб выратаваць людзей".

"У гэтым выпадку дзеянні сваіх ваенных, падначаленых я ацэньваю як суперпрафесійныя. Ацэньваю на выдатна. Яны былі мною адабраны пасля асабістага даклада дзяжурнага пункта кіравання Ваенна-паветраных сіл і проціпаветранай абароны", - заявіў Прэзідэнт.

Пасля пасадкі самалёта некалькі пасажыраў вырашылі выйсці ў Мінску, паколькі з Вільнюса яны ўсё роўна хацелі накіравацца ў беларускую сталіцу. Шэраг медыярэсурсаў з іх зрабіў супрацоўнікаў КДБ. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэтыя грамадзяне былі ўстаноўлены і расказалі публічна сапрадную версію падзей. "Калі нехта хоча ўдакладніць, падмянілі мы іх ці не, удакладніце. Мы ж цудоўна разумеем, што ўсюды на відэакамерах іх твары зафіксаваны, дакументы і пашпарты на руках. Падмяніць немагчыма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод пасажыраў авіярэйса аказаўся аб'яўлены ў міжнародны вышук Раман Пратасевіч. Ён абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Акрамя таго, у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці.

"Няхай цяпер яго шматлікія заходнія заступнікі адкажуць на пытанне: на якія спецслужбы гэты чалавек працаваў? Не толькі ён, але і яго саўдзельніца. Заходнія заступнікі павінны адказаць на пытанне: хто яму плаціў за ўдзел у вайне на Данбасе? Гэтага яны, напэўна, баяцца больш за ўсё, таму паднялі крык, - лічыць кіраўнік дзяржавы. - Уласна кажучы, і тут у Беларусі ён і яго саўдзельнікі таксама збіраліся ўчыніць бойню і крывавы мяцеж".

Прэзідэнт нагадаў: даўно папярэджваў апанентаў, у тым ліку збеглых, што за свае злачынствы кожны адкажа ў адпаведнасці з законам. "Мы вас ведаем у твар. Ваша адказнасць перад беларускім народам - справа часу, - адзначыў ён. - Паверце, які б націск ні быў на нас, з тэрарыстамі мы будзем размаўляць на той жа мове, на якой з імі размаўляюць ва ўсім свеце".

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як у 2016 годзе ўкраінскія ўлады прымусілі развярнуцца беларускі борт пад пагрозай падняць знішчальнікі, каб зняць з борта грамадзяніна Арменіі. Аднак на гэты выпадак Еўропа ніяк не адрэагавала. "Там жа быў мэтанакіраваны намер, аперацыя спецслужбаў, пагрозы экіпажу і пасажырам знішчальнікамі-перахватчыкамі", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама заявіў аб няслушнасці некаторых домыслаў, што пасля пасадкі ў Мінску экіпаж і пасажыраў доўгі час утрымлівалі ўзброеныя людзі. "Тое, што лайнер вылецеў толькі а дзявятай гадзіне вечара, а не адразу ж пасля надгляду, гэта пытанне да экіпажа і яго камандзіра, які на працягу сямі гадзін пасля надгляду і даследавання нашымі спецслужбамі самалёта не хацеў вылятаць з нашага аэрапорта. З кімсьці пастаянна сазвоньваўся і раіўся", - расказаў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі