3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам, арганізатарам і гасцям рэспубліканскіх фінальных спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі "Залатая шайба" на прызы Прэзідэнта Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Гэты традыцыйны турнір для многіх хлопчыкаў стаў сапраўднай школай майстэрства, дружбы, узаемавыручкі і вельмі важным крокам на шляху ў вялікі спорт, - гаворыцца ў прывітанні. - Упэўнены, што перамога дастанецца мацнейшым - самым мэтанакіраваным і настойлівым, а на лядовых пляцоўках будуць панаваць бескампрамісная барацьба, дух сумленнага саперніцтва і ўзаемапавага".
Прэзідэнт пажадаў удзельнікам спаборніцтваў моцнага здароўя, удачы і яркіх перамог. "Упарта працуйце, бярыце прыклад з лепшых і няхай вам пакорацца ўсе вяршыні і ў спорце, і ў жыцці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.