4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю МТРК "Мір" ацаніў дзейнасць Садружнасці Незалежных Дзяржаў і са шкадаваннем адзначыў, што гэта аб'яднанне страчвае сваё значэнне ў якасці пляцоўкі для вырашэння важных пытанняў, паведамляе БЕЛТА.
"Апошнім часам нацыянальны эгаізм, як кажа Пуцін, захліснуў усіх, у тым ліку і саму Расію, - сказаў беларускі лідар. - Нас фактычна ўжо разарвалі на часткі".
"Краіны Цэнтральнай Азіі, як мы ні хваліліся б і ні радаваліся, усё ж такі яны глядзяць на моцны Кітай. Ён добра дапамагае і прытым паводзіць сябе карэктна, дастойна, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Кітай можа дапамагчы інвестыцыямі і дапамагае мільярдамі долараў".
Пляцоўка СНД, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, выкарыстоўваецца ў асноўным для сустрэч прэзідэнтаў, прыняцця заяў. "Так, існуе ў нейкай ступені зона свабоднага гандлю. Але вы ведаеце, якая тут свабода - з выключэннямі і абмежаваннямі, нават у ЕАЭС, не гаворачы ўжо пра СНД. Што застаецца? Мала чаго", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца магчымасці вяртання Украіны да работы ў складзе СНД, то Прэзідэнт Беларусі лічыць гэта малаверагодным у бліжэйшай перспектыве. "У наш з табой час, Валодзя, гэта немагчыма, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне Уладзіміра Пярцова. - Украіна не вернецца за гэты час у Садружнасць".
Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, Украіна нацэлілася на збліжэнне з Еўрасаюзам, НАТА і ЗША, і змяніць сітуацыю будзе цяжка. "Самае галоўнае - сёння ўжо і тэндэнцый такіх ва Украіне няма, каб паварочвацца ў бок нашых саюзаў. Больш таго, яны ж бачаць, што ў нас адбываецца, у гэтых саюзах, у тым ліку саюзе Беларусі і Расіі. Мне многія кажуць: калі вы, беларусы з рускімі, народы практычна з аднаго кораня, не можаце, то чаго нам туды лезці. Асабліва гэта датычыцца мусульманскіх краін. Гэтак жа разважаюць палітыкі і ва Украіне", - адзначыў Прэзідэнт.
"Яны свой лёс у асноўным ужо звязалі з іншым вектарам. Развярнуцца будзе складана, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Можа, з часам нешта і адбудзецца. Але ва ўзаемаадносінах з Украінай час працуе не на нас - не на Расію і Беларусь. Час працуе, хутчэй за ўсё, на той бок".