21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пазіцыя ўрада па ініцыятыве спалучэння Эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Еўразійскага эканамічнага саюза павінна быць актыўнай. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Актыўная пазіцыя ўрада павінна быць у рэалізацыі ініцыятывы спалучэння Эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Еўразійскага эканамічнага саюза для ўстаранення бар'ераў і абмежаванняў у гандлі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Найважнейшым прыярытэтам з прыярытэтаў быў і застаецца экспарт, яго рост і абавязкова дыверсіфікацыя". Сёння, канстатаваў Прэзідэнт, на традыцыйных рынках збыту айчыннай прадукцыі, у першую чаргу Расіі і Украіны, скараціўся плацежаздольны попыт. У сувязі з гэтым Беларусь не можа проста чакаць, калі ён узрасце. Таму, растлумачыў Аляксандр Лукашэнка, пастаўлена задача дыверсіфікацыі беларускага экспарту.
"Гэта задача пастаўлена нават не пазаўчора, мы яшчэ 5-7 гадоў таму загаварылі аб гэтым. Тады плацежаздольнасць нашых рынкаў была нармальнай, але мы разумелі, што залежаць так моцна ад аднаго рынку збыту нельга - гэта прывядзе да бяды. Такая тэндэнцыя сёння вырысоўваецца", - заўважыў беларускі лідар.
Пры гэтым ён прызнаў, што ў 2015 годзе для стварэння ўмоў доступу на новыя рынкі было зроблена нямала, у тым ліку на вышэйшым узроўні. Напрыклад, былі дасягнуты дамоўленасці аб пашырэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Кітаем, Індыяй, Пакістанам, В'етнамам.
"Ключавым фактарам у пашырэнні экспарту з'яўляецца забеспячэнне пакетнага прынцыпу продажаў - у комплексе з пасляпрадажным абслугоўваннем, аператыўным рамонтам, дадатковым сэрвісам. Без гэтага сёння на знешнія рынкі няма чаго нос соваць", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.