9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванні замежным лідарам з 78-й гадавінай Вялікай Перамогі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншавальныя пасланні Прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву, Прэзідэнту Арменіі Ваагну Хачатурану, Прэзідэнту Казахстана Касым-Жамарту Такаеву, Прэзідэнту Кыргызстана Садыру Жапараву, Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, Прэзідэнту Таджыкістана Эмамалі Рахмону, Прэзідэнту Туркменістана Сердару Бердымухамедаву, Прэзідэнту Узбекістана Шаўкату Мірзіёеву, а таксама народам Грузіі, Малдовы і Украіны.
У віншавальным пасланні Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну кіраўнік дзяржавы адзначыў, што шлях савецкага салдата да Вялікай Перамогі быў цяжкі і доўгі, прасякнуты крывёй загінулых у бітвах, выкаваны самаадданай працай работнікаў тылу, пранізаны болем незаменных страт, неймавернага цяжару і нягод.
"Ведаю, як беражліва ў вас захоўваюць памяць аб кожным герою, як шануюць подзвігі байцоў, якія выратавалі чалавецтва ад знішчэння і рабства. Наш абавязак перад продкамі - рашуча процістаяць спробам адраджэння ідэй нацызму, гераізацыі ваенных злачынцаў і іх памагатых, фальсіфікацыі праўды аб Другой сусветнай вайне. Перакананы, нам хопіць стойкасці, мужнасці і мудрасці пераадолець цяжкасці і перамагчы. Беззапаветная адданасць высокім ідэалам служэння Айчыне заўсёды была і застаецца маральным арыенцірам для народаў Беларусі і Расіі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да народа Грузіі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў суровыя гады выпрабаванняў беларусы і грузіны, мужна пераадольваючы жорсткія нягоды і несучы незаменныя страты, плячо ў плячо адбівалі смяротную пагрозу фашысцкага прыгнёту. "Мы свята шануем памяць герояў, якія самааддана змагаліся за свабоду і шчасце будучых пакаленняў. Іх подзвіг - прыклад непахіснай стойкасці і беззапаветнай храбрасці, які заклікае нас берагчы і прымнажаць традыцыі дружбы, добрасуседства і ўзаемавыручкі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт выказаў перакананне, што беларуска-грузінскія сувязі, змацаваныя шчырай чалавечай сімпатыяй, сумеснай гісторыяй і агульнымі хрысціянскімі каштоўнасцямі, будуць і ў далейшым паспяхова развівацца ў духу стваральнага партнёрства.
"Чым далей адыходзіць у гісторыю незабыўны май 1945 года, тым больш велічным становіцца бяспрыкладны подзвіг шматнацыянальнага савецкага народа. У гэтай даце непадзельна пераплецены ўрачыстасць і смутак, радасць і слёзы мільёнаў людзей, якія, не шкадуючы свайго жыцця, ваявалі за свабоду, а потым разам аднаўлялі з руін і попелу агульную Айчыну", - гаворыцца ў пасланні народу Малдовы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сумесная гістарычная памяць аб гераічнай барацьбе з фашызмам служыць трывалым фундаментам для паспяховага развіцця дружалюбных беларуска-малдаўскіх адносін, умацавання ўзаемаразумення паміж дзвюма краінамі.
У віншаванні народу Украіны кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзякуючы адзінству, самаахвяраванню, мужнасці і патрыятызму беларусы і ўкраінцы разам з іншымі народамі СССР змаглі выстаяць у страшны час ваеннага ліхалецця і выратаваць свет ад нацызму.
"Мы з вялікай павагай захоўваем памяць аб гераізме вашых суайчыннікаў, якія прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі, аддалі жыццё за яе свабоду. З вялікім шкадаваннем і смуткам бачым, як цяпер ваша краіна перажывае цяжкі перыяд выпрабаванняў і пакут. Жадаю ўсім жыхарам Украіны ўстанаўлення доўгачаканага міру на сваёй зямлі, шчасця і дабрабыту", - гаворыцца ў пасланні.
Прэзідэнт таксама павіншаваў з Днём Перамогі старшыню ўрада Расіі Міхаіла Мішусціна, старшыню Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Валянціну Мацвіенка, старшыню Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Вячаслава Валодзіна, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.
Віншавальныя пасланні накіраваны генеральнаму сакратару Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргею Лебедзеву, дзяржаўнаму сакратару Саюзнай дзяржавы Дзмітрыю Мезенцаву, старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілу Мясніковічу, генеральнаму сакратару Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Імангалі Тасмагамбетаву.
У адрас Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа таксама паступаюць шматлікія віншаванні з гадавінай Перамогі ад замежных лідараў, вядомых дзеячаў розных сфер.