2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"
Нашы краіны праводзяць паслядоўную работу, накіраваную на станаўленне і ўмацаванне Саюзнай дзяржавы, у рамках якой прадастаўляюцца новыя магчымасці для забеспячэння стабільнага развіцця нацыянальных эканомік і павышэння дабрабыту грамадзян", - гаворыцца ў віншаванні.Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што высока цэніць вялікі асабісты ўклад Уладзіміра Пуціна ў беларуска-расійскія інтэграцыйныя працэсы. "Перакананы, што наш даверны і канструктыўны дыялог па ўсім комплексе пытанняў Саюзнай дзяржавы будзе садзейнічаць іх паскарэнню", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
З нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка таксама накіраваў віншавальныя пасланні Старшыні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, Старшыні Урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыю Мядзведзеву, Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Валянціне Мацвіенка, Старшыні Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Сяргею Нарышкіну, Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу, Дзяржаўнаму сакратару Саюзнай дзяржавы Рыгору Рапоце, Старшыні Цэнтральнага камітэта Кампартыі Расійскай Федэрацыі, кіраўніку фракцыі КПРФ у Дзяржаўнай Думе Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Генадзю Зюганаву.