29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Дзяржавы Палесціна Махмуда Абаса з Міжнародным днём салідарнасці з палесцінскім народам. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Перакананы, што ў гэты цяжкі для жыхароў Палесціны час выпрабаванняў спадчына яе першага Прэзідэнта Ясіра Арафата, які змог аб'яднаць суайчыннікаў і паказаць шлях да ўстанаўлення доўгатэрміновага міру на Святой Зямлі, асабліва запатрабавана, - гаворыцца ў віншаванні. - Упэўнены, дээскалацыя напружанасці на Блізкім Усходзе, хуткае дасягненне міру і бяспекі будуць садзейнічаць стабільнасці і эканамічнаму развіццю Палесціны і дзяржаў усяго рэгіёна".
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь цвёрда прытрымліваецца пазіцыі забеспячэння неад'емных законных правоў палесцінцаў на незалежнасць на аснове рашэнняў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб стварэнні дзвюх дзяржаў для двух народаў.
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў блізкасць падыходаў Беларусі і Палесціны да пашырэння міжнародных адносін, якія грунтуюцца на агульнапрызнаных прынцыпах суверэннай роўнасці краін, узаемнай павазе і ўліку інтарэсаў.
Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў зацікаўленасць у далейшым паглыбленні дружалюбнага беларуска-палесцінскага дыялогу і рэалізацыі значнага патэнцыялу супрацоўніцтва ў тым ліку ў такіх галінах, як прамысловасць, сельская гаспадарка, харчовая бяспека, навука і адукацыя.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Махмуду Абасу моцнага здароўя і паспяховага ажыццяўлення ўсіх планаў, а палесцінцам - дабрабыту і мірнай будучыні.