1 сакавіка, Пекін /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у Пекіне пацвердзіў падтрымку ініцыятыў Кітая ў галіне міжнароднай бяспекі і па тэматыцы развіцця, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сённяшняя сустрэча праходзіць у вельмі няпросты час, які патрабуе новых нестандартных падыходаў і адказных палітычных рашэнняў. Яны павінны быць накіраваны перш за ўсё на недапушчэнне глабальнага процістаяння, у якім не будзе пераможцаў. Вы аб гэтым дакладна, адназначна, пунктуальна нядаўна заявілі, звяртаючыся да сусветнай супольнасці. Менавіта таму Беларусь актыўна выступае з прапановамі аб міры, цалкам падтрымлівае вылучаную вамі ініцыятыву аб міжнароднай бяспецы", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што з беларускім бачаннем таксама поўнасцю супадае ініцыятыва Сі Цзіньпіна па тэматыцы развіцця. "Мы адразу ж далучыліся да механізмаў па яе пашырэнні і гатовы да сумеснай падрыхтоўкі і рэалізацыі праектаў у Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ініцыятыва ў галіне глабальнага развіцця, накіраваная на садзейнічанне краінам, якія сталі на шлях развіцця, праз праекты тэхнічнай дапамогі, што фінансуюцца Кітаем, была абвешчана Сі Цзіньпінам у верасні 2021 года ў выступленні на Генеральнай Асамблеі ААН. Пекін стварыў Групу сяброў у падтрымку ініцыятывы, у якой на сённяшні дзень знаходзяцца амаль 60 дзяржаў - членаў ААН. Беларусь у ліку першых увайшла ў склад групы.
Ініцыятыва ў галіне глабальнай бяспекі была вылучана Старшынёй КНР у красавіку 2022 года на адкрыцці Бааоскага азіяцкага форуму. Аснову ініцыятывы складаюць цвёрдае адстойванне аўтарытэту і статусу ААН, сумесная практыка сапраўды шматбаковага падыходу, каардынацыя намаганняў па ўстараненні пагроз бяспецы як у традыцыйных, так і ў нетрадыцыйных галінах, сумесная работа па ўдасканаленні глабальнай сістэмы кіравання бяспекай, імкненне да стварэння новых рамак рэгіянальнай бяспекі. Ініцыятыва супадае з беларускім бачаннем абстаноўкі на сусветнай арэне, а таксама ініцыятывамі аб аднаўленні шырокага міжнароднага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе.