26 студзеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе высокай інтэнсіўнасці і рэзультатыўнасці работы ўсіх кіраўнікоў. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця эканомікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Урад не павінен быць нейкай канторай. Ён павінен сёння (адкрыта аб гэтым трэба гаварыць у складанай сітуацыі) у ручным рэжыме кіраваць эканомікай там, дзе гэта трэба, на месцы дапамагаючы ўсім, чым мы можам, прадпрыемствам, губернатарам, старшыням райвыканкамаў, патрабуючы ад іх бездакорнага выканання прынятых рашэнняў і вельмі высокай напружанасці і інтэнсіўнасці", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што пры гэтым усе павінны даваць рэзультат.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падставай для сённяшняй нарады стала прапанова ўрада абмеркаваць тэндэнцыі, якія адбываюцца апошнім часам на міжнародных рынках, перш за ўсё ў Расійскай Федэрацыі, звязаныя з няпэўнасцю з расійскім рублём і з цэнамі на нафту. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Беларусь значна залежыць ад цэн на нафту, паколькі перапрацоўвае прыкладна 22-23 млн т нафты ў год.
Што датычыцца расійскага рубля, то для беларускай прадукцыі рынак Расійскай Федэрацыі застаецца асноўным. "Ад гэтага мы пакуль нікуды не адыдзем. Мы вымушаны глядзець, як развіваецца Расія, яе эканоміка, якія ў яе тэндэнцыі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Што датычыцца іншых знешніх рынкаў, на якіх мы працуем, - таксама сітуацыя нярадасная. Міжнародны валютны фонд, Сусветны банк, іншыя арганізацыі, якія займаюцца прагназаваннем эканомікі ў сусветным маштабе, таксама даюць негатыўныя прагнозы, з кожным месяцам пакуль паніжэнне на паўпрацэнта, на працэнт... Зразумела, усё гэта прагнозы, але яны так ці інакш у гэтай рыначнай эканоміцы ўплываюць не толькі псіхалагічна, але і фактычна на развіццё тых ці іншых галін, у тым ліку нашай эканомікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.