14 жніўня, Касцюковіцкі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе не збаўляць тэмпы ўборачнай і іншых сельгасработ. Аб гэтым ён заявіў сёння, наведваючы з рабочай паездкай Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дзень і ноч трэба араць і сеяць. Своечасова трэба пасеяць азімыя. І тэхналогіі павінны быць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Як далажылі Прэзідэнту, у Магілёўскай вобласці для завяршэння ўборкі збожжавых трэба ўсяго 4-5 пагодлівых дзён.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на важнасць забеспячэння належных умоў захоўвання ўраджаю зерня кукурузы, што актуальна для патрэб жывёлагадоўлі. "Трэба ўзяць на кантроль і той недабор, які, магчыма, будзе па каласавых збожжавых, трэба кампенсаваць зернем кукурузы", - даручыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту таксама даложана аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Касцюковіцкага раёна і Магілёўскай вобласці. Адзін з галоўных акцэнтаў кіраўніцтва рэгіёна робіць на рабоце са стратнымі прадпрыемствамі, прымаючы меры па нармалізацыі іх фінансава-эканамічнага становішча і забеспячэнні росту даходаў насельніцтва.