19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўнай работы па выкарыстанні мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па пытаннях эфектыўнасці іх выкарыстання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Балюча глядзець, калі ў нас вялікая колькасць біярэсурсаў, якія можна выкарыстоўваць як паліва, проста прападае. Таму цяпер вельмі важна актывізаваць работу па выкарыстанні ўласных рэсурсаў, каб як мага менш залежаць ад імпарту і скараціць сабекошт вырабляемай прадукцыі", - заявіў Прэзідэнт.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэта тэма ва ўмовах залежнасці Беларусі ад імпартных энергарэсурсаў з кожным годам становіцца ўсё больш актуальнай і вострай.
У свой час на ўзроўні Прэзідэнта быў прыняты шэраг рашэнняў у сувязі з выкарыстаннем мясцовых відаў паліва. Пры гэтым наведваліся асобныя прадпрыемствы, рэалізаваны шматлікія пілотныя праекты. "Наша сённяшняя нарада з'яўляецца кантрольнай у плане справаздачы, як мы працуем у гэтым напрамку, як урад і мясцовыя органы ўлады выконваюць прынятыя рашэнні і планы, якія вы самі сабе прапісалі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Размова сёння ідзе аб эфектыўнасці гаспадарання і неабходнасці зніжэння затрат".
Прэзідэнт канстатаваў, што ў гэтым напрамку ўжо зроблена нямала. Напрыклад, гадавы аб'ём у памеры больш як 2 млрд куб.м закупляемага газу ўдалося замясціць мясцовымі відамі паліва. "Але гэта толькі дзясятая частка той колькасці каштоўнай сыравіны, якую мы імпартуем. А купляем мы звыш 20 млрд куб.м прыроднага газу. Толькі на гэтыя мэты краіна штогод траціць каля $3 млрд. Упэўнены, мы можам і павінны істотна скараціць гэты дарагі артыкул расходаў", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што яму дакладваюць аб фактах нерацыянальнай эксплуатацыі дзеючых энергаўстановак і рэалізацыі эканамічна неабгрунтаваных праектаў. "Шмат у чым гэта адбываецца з-за няўзгодненасці дзеянняў галіновых ведамстваў і мясцовых органаў улады, а таксама ўрада", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Перад удзельнікамі нарады Прэзідэнт паставіў некалькі пытанняў. У прыватнасці, у чым прычыны малаэфектыўнага выкарыстання прыродных багаццяў Беларусі; якія ёсць рэзервы для паляпшэння работы ў гэтым напрамку і якія ў сувязі з гэтым патрабуецца прыняць рашэнні; як увязаны паміж сабой плануемае нарошчванне спажывання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў і тая дадатковая энергія, якую плануецца атрымаць пасля ўводу ў строй Беларускай АЭС.
"Патрэбны сістэмны, эканамічна вывераны падыход да вырашэння ўсяго комплексу пытанняў, звязаных з выкарыстаннем мясцовых відаў паліва. Прайшоў пэўны перыяд, калі мы прымалі рашэнні і арганізоўвалі гэту справу. І трэба сёння, аб'ектыўна прааналізаваўшы сітуацыю, або карэкціраваць нашы планы і рашэнні, або дзейнічаць больш аператыўна ў вырашэнні гэтых праблем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.