3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Патрабаванне аб павышэнні ў Беларусі сярэдняй заработнай платы да $500 у 2017 годзе павінна быць выканана. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Кроў з носа, але $500 павінны быць забяспечаны, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта не спантанна названая лічба. Больш таго, мы гэта праходзілі ўжо. І ў снежні мінулага года ў краіне было $412. Засталося зусім няшмат".
"Сярэдняя зарплата ў краіне $500 - гэта тое, што дзяржава павінна дапамагчы зарабіць чалавеку, каб ён больш-менш мог жыць у той сацыяльна-эканамічнай сістэме, якую мы стварылі. Усё астатняе (вышэй за $500. - Заўвага БЕЛТА) - не забараняецца, вітаецца. Мы жывём у рыначнай эканоміцы - хто колькі заробіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што пры невыкананні гэтай задачы "ні адзін ва ўрадзе з партфелем не застанецца".
3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Патрабаванне аб павышэнні сярэдняй заработнай платы да $500 да канца 2017 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць справядлівым у адносінах да людзей, якія працуюць. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Чаму ў Беларусі многія раз'язджаюць на шыкоўных лімузінах, маюць магчымасць па паўгода адпачываць на нятанных курортах, выводзіць у афшоры грошы, а іншыя павінны перабівацца з вады на хлеб? Вось і ўся сацыяльная справядлівасць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я не рэтраград, не папуліст:
$500 сярэдняй зарплаты - гэта справядліва. Амаль алігархі беларускія могуць адпачываць і раз'язджаць на шыкоўных машынах толькі таму, што працуюць людзі. Дык давайце дадзім ім хаця б $500. Вось і ўся эканамічная мадэль. З гэтага я зыходжу. На большым пакуль не настойваю. Але хтосьці, можа, і $600 атрымае, і $1000 - і на здароўе"."Гэта ганьба, калі мы, нябедныя людзі (і такіх нямала), прыходзім да ўрача, патрабуем ад урача, каб ён нас вылечыў на высокім узроўні, і не думаем аб тым, што гэты ўрач сёння атрымлівае нейкіх Br800, а то і гэтага не мае. Вось і ўся сацыяльная справядлівасць, - зноў падкрэсліў беларускі лідар. - Трэба ў жыцці крыху разбірацца, жыццё гэта адчуваць".