6 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця басейна міжнароднага стандарту ў Мінску падзякаваў за будаўніцтва гэтага аб'екта Старшыні КНР Сі Цзіньпіну, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я папрасіў, пагаварыў са сваім сябрам (Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. - Заўвага БЕЛТА). Дзякуючы яму, вялікаму сябру беларускага народа Сі Цзіньпіну, мы пабудавалі гэты аб'ект. Калі б толькі гэты. У бліжэйшы час вы ўбачыце ў Мінску яшчэ адзін цуд, напэўна, больш значны, праўда, для футбалістаў", - падкрэсліў Прэзідэнт, відавочна, намякаючы на футбольны стадыён, будаўніцтва якога таксама вядзецца кітайскім бокам.
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў аб тым, як лідар Кітая ў час аднаго з візітаў кіраўніка беларускай дзяржавы ў гэту краіну паказваў макет будучага басейна. "Ён мяне ўзяў за руку, кажа: "Пойдзем, я табе пакажу". Падыходзім - стэнд. Ён бярэ, пакрывала здымае: "Вось гэта - нацыянальны футбольны стадыён і плавальны (басейн. - Заўвага БЕЛТА) - у вас будзе пабудавана ў Мінску". Дысцыпліна ў Кітаі жалезная. Калі Сі Цзіньпін сказаў, там ужо ніхто не абмяркоўвае, там ідуць і робяць", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што на будаўніцтва абодвух аб'ектаў кітайскім бокам былі ўкладзены значныя фінансавыя сродкі: "Зразумейце: гэта вялікія грошы. І Кітайская Народная Рэспубліка сур'ёзна ўклалася. Гэта бясплатная тэхнічная дапамога".
Больш таго, Кітай гатовы ў будучым аказаць тэхнічную дапамогу ў будаўніцтве яшчэ некалькіх сацыяльна значных аб'ектаў. "Яны гатовы нам дапамагчы яшчэ ў некалькіх такіх магутных сацыяльных аб'ектах за свой кошт, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму мы ў даўгу перад гэтым чалавекам (Сі Цзіньпінам. - Заўвага БЕЛТА) і перад вялікім кітайскім народам. Вялікі ім дзякуй".
Як паведамлялася, басейн у Мінску - гэта адзін з праектаў у рамках гуманітарнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. Яго пачалі будаваць у жніўні 2020 года. Праектаванне і будаўніцтва ажыццяўлялася кітайскім бокам пад ключ у адпаведнасці з тэхнічнымі патрабаваннямі і нормамі КНР, выкананнем тэхнічных патрабаванняў і крытэрыяў Міжнароднай федэрацыі плавання. Катэгорыя аб'екта, згодна з патрабаваннямі World Aquatics, - AC-5 (чэмпіянаты і першынствы свету і Еўропы па водных відах спорту).
Аб'ект плануецца выкарыстоўваць у якасці сучаснай вучэбна-трэніровачнай базы для падрыхтоўкі нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь і правядзення нацыянальных спаборніцтваў па водных відах спорту, аказання паслуг грамадзянам, а таксама правядзення спаборніцтваў высокага міжнароднага ўзроўню. Тут створаны аптымальныя ўмовы для арганізацыі вучэбна-трэніровачнага працэсу, харчавання, адпачынку і аднаўлення спартсменаў, навукова-метадычнага суправаджэння.
Асобныя словы ўдзячнасці Прэзідэнт адрасаваў кітайскім спецыялістам, будаўнікам, якія працавалі ў беларускай сталіцы. "Малайцы! Вам было няпроста пабудаваць гэты аб'ект, таму што вельмі сур'ёзна ў наша жыццё ў свой час умяшалася пандэмія. Кітайцы вельмі сур'ёзна да гэтага ставіліся ў сябе на радзіме, але і ў нас таксама. Таму былі нейкія імгненні і моманты (калі было цяжка. - Заўвага БЕЛТА), але мы будавалі, павольна, пакрыху, але рухаліся, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - А ў апошні год я папрасіў, каб да гэтага свята Кітай скончыў будаўніцтва гэтага аб'екта, прымаў шэраг рашэнняў для таго, каб гэта было зроблена. І Кітай паабяцаў - Кітай зрабіў. Вось гэта дысцыпліна. Гэта нам прыклад. Сказана - зроблена".