1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб адказным абыходжанні з жывёламі". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Дакумент накіраваны на абарону жывёл ад жорсткага абыходжання, а таксама на забеспячэнне правоў і законных інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб пры абыходжанні з жывёламі.
У прыватнасці, законам прадугледжваецца ўстанаўленне агульных правіл абыходжання з жывёламі (жывёламі-кампаньёнамі, лабараторнымі, службовымі жывёламі і жывёламі, якія выкарыстоўваюцца ў культурнай дзейнасці і спорце); надзяленне ўрада паўнамоцтвамі па вызначэнні пераліку падлягаючых рэгістрацыі жывёл-кампаньёнаў і парадку іх утрымання ў дамашніх умовах; замацаванне павышаных патрабаванняў да ўтрымання небяспечных сабак (уладальнікі такіх сабак будуць абавязаны прайсці спецыяльныя курсы і атрымаць пасведчанне); забарона на наведванне з жывёламі-кампаньёнамі (акрамя сабак-павадыроў) харчовых магазінаў, арганізацый аховы здароўя і адукацыі, аб'ектаў культурнай інфраструктуры, фізкультурна-спартыўных збудаванняў; абмежаванне продажу жывёл непаўналетнім асобам; абавязак гадавальнікаў чыпіраваць рэалізуемы прыплод (сабак, кошак). Пры гэтым для ўладальнікаў жывёл-кампаньёнаў устанаўліваецца права чыпіравання гадаванцаў.
Устанаўліваецца таксама механізм часовага абмежавання права ўласнасці на жывёлу і яе адабрання за парушэнне ўладальнікам умоў абыходжання з жывёлай, што прывяло да прычынення шкоды здароўю грамадзян, жывёл або маёмасці.
У законе вызначаны патрабаванні па стварэнні і дзейнасці пунктаў часовага ўтрымання, прытулкаў і гасцініц для жывёл. У прыватнасці, забаронена размяшчэнне такіх аб'ектаў у жылых дамах, устаноўлены ўмовы ўтрымання жывёл і іх перадачы новым уладальнікам. Асноўныя палажэнні закона ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2025 года.