19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка падпісаў указ нумар 100 "Аб статусе беларускага касманаўта", які замацоўвае правы і абавязкі касманаўта Рэспублікі Беларусь. Дакумент прыняты ў мэтах вызначэння прававога становішча касманаўтаў і прыраўнаваных да іх асоб з улікам рэалізацыі першага ў суверэннай гісторыі Беларусі праекта па касмічным палёце. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта.
Устаноўлена, што статус касманаўта прысвойваецца грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які зрабіў касмічны палёт, а таксама яго дублёру.
У мэтах прызнання заслуг касманаўта перад Радзімай указам прадугледжаны шэраг ільгот і прэферэнцый, уключаючы захаванне займаемай пасады, медыцынскае абслугоўванне ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры, пенсійнае забеспячэнне, дзяржаўную падтрымку пры будаўніцтве жылля.
Пры гэтым вызначана, што касманаўт павінен адпавядаць свайму высокаму званню, валодаць цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, прымаць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, дастойна прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне.
Рэалізацыя ўказа будзе садзейнічаць замацаванню пазітыўнага іміджу Беларусі як высокатэхналагічнай дзяржавы, прапагандзе ведаў і кампетэнцый краіны ў галіне мірнага асваення касмічнай прасторы.