31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне "Аб запуску навукова-адукацыйнага спадарожніка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
У адпаведнасці з дакументам Міністэрству адукацыі даручаецца ў 2020-2021 гадах забяспечыць запуск навукова-адукацыйнага спадарожніка БДУ, а таксама прадугледжваюцца крыніцы фінансавання расходаў, звязаных з рэалізацыяй гэтага праекта.
Усе работы па распрацоўцы і вырабе другога спадарожніка БДУ выкананы супрацоўнікамі, студэнтамі і аспірантамі ўніверсітэта. У параўнанні з эксплуатуемым цяпер спадарожнікам ён мае вялікі патэнцыял для правядзення касмафізічных эксперыментаў з выкарыстаннем айчынных матэрыялаў і паўправадніковых устройстваў.
Запусціць спадарожнік плануецца ў 2021 годзе. На арбіце будзе сфарміравана першая беларуская групоўка з двух навукова-адукацыйных спадарожнікаў для адпрацоўкі іх узаемадзеяння і каардынацыі.
Прыняцце распараджэння накіравана на папулярызацыю аэракасмічнай галіны, павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў і развіццё айчыннай навуковай школы гэтага профілю, а таксама прыцягненне таленавітай моладзі для распрацоўкі навукаёмістых тэхналогій.