7 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Дабрабыт і эканамічнае развіццё ў дзяржаве залежаць ад укладу кожнага жыхара краіны. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 студзеня, наведваючы ў свята Ражджаства Хрыстовага Свята-Духаў кафедральны сабор Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Спадзявайцеся на дзяржаву, але толькі ў тых пытаннях, якія дзяржава павінна вырашаць: бяспека, асноўныя напрамкі нашага развіцця. Словам, пастарайцеся зрабіць для сябе самі тое, што вы можаце зрабіць. Калі кожны звернецца да сябе і зробіць тое, што ён павінен зрабіць, дзяржава і ўлада ў даўгу не застануцца. Гэта я вам абяцаю", - заявіў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што будзе рабіцца ўсё неабходнае, каб беларуская дзяржава з кожным годам станавілася мацнейшай, а значыць, заставалася ў будучым незалежнай.
"Я аб гэтым ужо гаварыў у навагоднім звароце. Адзінае, што мы павінны бачыць, і тое, чым мы павінны займацца, - гэта эканоміка. Калі толькі мы зробім хоць маленькі крок наперад у гэтай бурнай сусветнай крызіснай з'яве, гэта абавязкова паўплывае на дабрабыт нашага народа. Калі мы зробім гэты крок, гэта надасць нам упэўненасці. Таму я так настойліва патрабую ад урада, ад усіх узроўняў улады, каб мы прадметна займаліся гэтымі пытаннямі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, мінулы год быў няпростым, асабліва ва ўзаемаадносінах з бліжэйшымі суседзямі і партнёрамі. "Гэта не дазволіла нам (хоць крыху, праўда) выйсці на тыя запланаваныя рубяжы, на якія мы спадзяваліся. Але я думаю, гэта праблема ўлад. Яна вырашаемая", - дадаў кіраўнік дзяржавы.