13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з 95-годдзем яе заснавання. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта.
"Акадэмія навук заўсёды адыгрывала важнейшую ролю ва ўмацаванні дзяржаўнасці і нацыянальнай бяспекі краіны, захаванні традыцый і духоўных каштоўнасцей народа", - гаворыцца ў віншаванні.
Прымнажаючы спадчыну папярэдніх пакаленняў, НАН сёння з'яўляецца галоўнай навуковай арганізацыяй, ключавым фактарам у забеспячэнні эканамічнага росту, павышэнні дабрабыту і якасці жыцця грамадзян краіны, канстатаваў Прэзідэнт.
Беларускімі вучонымі створаны шэраг навуковых напрамкаў і школ сусветнага ўзроўню, якія далі магчымасць рэспубліцы стварыць свае высокаразвітыя прамысловасць, сельскую гаспадарку, медыцыну, касмічную і атамную галіны, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Упэўнены, што дзякуючы вашым даследаванням і перадавым распрацоўкам наша краіна і ў далейшым будзе развівацца як высокатэхналагічная сацыяльна арыентаваная дзяржава", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт пажадаў калектыву акадэміі моцнага здароўя, шчасця, мірнага неба, новых адкрыццяў і здзяйсненняў на карысць роднай Беларусі.