25 жніўня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дакладна ўрэгуляваць пытанне грашовых выплат спартсменам і трэнерам з прывязкай да канкрэтнага выніку. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з ігракамі і трэнерскім складам хакейнага клуба "Дынама-Мінск", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы выбудавалі сістэму матэрыяльнага і грашовага забеспячэння хакеістаў. Гэта будзе ў любым відзе спорту, гульнявых перш за ўсё", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, калі гаварыць канкрэтна пра хакей, то асноўныя кантракты і зарплата будуць у "Дынама-Мінск" і нацыянальнай зборнай. "Там будуць даволі вялікія грошы. Усе астатнія павінны зарабляць у клубах столькі, каб нармальна працаваць, таму што спорт - гэта праца, і нармальна жыць, таму што сем'і ёсць. Але не $19 тыс. у месяц, як некаторыя трэнеры мелі сярэднюю зарплату па мінулым сезоне, не займаючы першага месца", - адзначыў беларускі лідар.
"Таму, як у Канадзе, як у ЗША, у ніжэйшай лізе будуць атрымліваць невялікія грошы, каб у хакеістаў было імкненне падняцца наверх - заваяваць месца ў "Дынама", у зборных камандах (маладзёжнай, юнацкай, асноўнай). Там будуць нармальныя грошы, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму ніякіх шалёных грошай больш не будзе".
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што некаторыя трэнеры, кіраўнікі клубаў, атрымліваючы вялікія грошы, жылі ў некалькі разоў лепш, чым міністры. "Гэта што, нармальна? Не даючы ніякіх рэзультатаў, ніякай эфектыўнасці, ніякай менеджарскай работы, - адзначыў беларускі лідар. - Гэтаму разбою трэба пакласці канец".
Прэзідэнт растлумачыў, што па новай сістэме, калі хакеіст у экстралізе заняў першае месца, то яго гадавая зарплата павінна, напрыклад, падвоіцца. "За першае месца 100 працэнтаў павелічэнне. За другое, дапусцім, 80 працэнтаў. За трэцяе месца - 60 працэнтаў і гэтак далей. але ўсё будзе нацэлена на рэзультат. Нельга плаціць усім пароўну. Гэта крыўдзіць лепшых спартсменаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Грошы трэба зарабляць і адпрацоўваць. Такі мой прынцыповы падыход. А канкрэтныя рэчы выпрацавалі ва ўрадзе", - адзначыў ён.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што калі грошы зароблены за кошт нейкіх іншых відаў дзейнасці, спонсарскіх сродкаў, то яны будуць належаць выключна клубу і іх можна будзе накіроўваць у тым ліку на матэрыяльнае стымуляванне. "Гэта вашы грошы, і вы, калі ласка, аддайце камандзе. І падзяліце паміж сабой. Гэта вашы грошы, ніхто да іх не дакранецца. Я вам публічна аб гэтым гавару", - сказаў Прэзідэнт.
"За грошы можаце не хвалявацца, калі вы выконваеце свае абавязацельствы і добра гуляеце, - падкрэсліў беларускі лідар. - І далей мы будзем толькі ўзмацняць гэтыя патрабаванні. Мы пастараемся плаціць добраму іграку, які змагаецца на пляцоўцы, многа, каб паказаць іншым, як трэба гуляць. А тыя, хто не дае рэзультат, так і атрымаюць".
"Усе, кто працуе ў камандзе і на каманду, не павінны быць пакрыўджаны", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-