3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Ніякіх лагераў для бежанцаў у Беларусі не будавалі і будаваць не будуць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА."Часам гляджу на Еўропу, і балюча становіцца ад таго, што там адбываецца, і за тых кіраўнікоў. Стогнуць, плачуць, дзеляць гэтых беглякоў - па 500, па тысячы чалавек, а Прыбалтыка і краіны Усходняй Еўропы ўпіраюцца - не, не пусцім тысячу чалавек. А мы з Украіны, і не толькі, прынялі амаль 170 тыс. чалавек. Мы як да гэтага паставіліся? Я падпісаў указ, і мы ім прадаставілі ўсе ўмовы як беларусам. Думаеце, нам лёгка гэта было, а яны там за тысячу спрачаюцца. Давайце разам працаваць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму, якая прагучала ў СМІ, маўляў, Беларусь стварае лагеры для бежанцаў, 7 млн (еўра. - Заўвага БЕЛТА) Еўрасаюз выдзеліў. "Дакладвае мне камандуючы пагранвойскамі, я яму кажу - якія лагеры ствараеш? Ён адказаў - калі б хоць адзін лагер будавалі, мы адразу б вам далажылі як галоўнакамандуючаму. Дык што маецца на ўвазе? Мы, гаворыць, папрасілі ў Еўрасаюза, калі вы хочаце з намі па міграцыйнай тэме супрацоўнічаць, дайце нам грошай (тое, што я заўсёды гаварыў - плаціце, тады мы будзем вас неяк абараняць), і мы хочам пабудаваць ізалятары часовага ўтрымання на граніцы, калі мы затрымліваем, каб яны хаця б у чалавечых умовах там знаходзіліся, пакуль вырашым, што з імі рабіць", - расказаў Прэзідэнт.
"Добра, думаю, цывілізаваныя людзі, заўсёды ёсць нейкія пункты знаходжання і іншае, гэта тады, калі ў нас будзе дагавор аб рэадмісіі - ад Расіі да Кітая і Афганістана, не толькі з Захадам. Вось дамовіліся, яны нам выслалі людзей, якія быццам бы праз нашу граніцу з Еўрасаюзам перайшлі, мы іх пасялілі ў гэтыя лагеры, не ведаем, што з імі рабіць. Дагавор павінен быць з тымі, адкуль яны прыйшлі, каб мы маглі іх узяць і туды адправіць. Толькі ў такім выпадку я магу разгледзець пытанне. Там яшчэ дэталі павінны быць, таму мы нават не наблізіліся да гэтай тэмы. А для таго каб на пагранічных заставах, пагранічных атрадах ствараць гэтыя пункты для іншаземцаў, і паабяцалі 7 млн. Скажыце, што ў гэтым дрэннага? Усё роўна мы затрымлівалі і будзем затрымліваць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Але ніякіх лагераў па прыёме бежанцаў мы ніколі не будавалі і будаваць не будзем", - запэўніў Прэзідэнт. Ён таксама адзначыў, што ні ў якім выпадку не пойдзе на тое, каб "стварыць тут нейкі адстойнік, гэтага ніколі не будзе".