13 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Эфектыўнасць работы беларускіх дыпламатаў за мяжой будзе ў першую чаргу ацэньвацца з пункту гледжання развіцця гандлёва-эканамічных сувязей з канкрэтнымі краінамі і рэгіёнамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, назначаючы кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"За плячамі галоўнае пытанне, якое вы павінны несці, - эканоміка, экспарт. Гэта галоўнае. Перш за ўсё па гэтых пытаннях мы будзем вас ацэньваць. Мы не ставім перад вамі нейкіх глабальных невырашальных задач. Кожны год пакрыху, але прыбаўляйце, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Маё патрабаванне да вас - быць аб'ектыўнымі, сумленнымі, паколькі вы прадстаўляеце Прэзідэнта і краіну, і прасоўваць экспарт, эканоміку. Мы на вас вельмі разлічваем".
Прэзідэнт адзначыў, што ў многіх краінах беларуская прадукцыя карыстаецца вялікім попытам. "Проста трэба ўмець прапанаваць", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на неабходнасць наяўнасці дакладнай зваротнай сувязі. "Калі пасол патрабуе нешта ад міністра, значыць, трэба ўзяць на кантроль і прымусіць міністэрства і канкрэтнае прадпрыемства ў гэтым напрамку працаваць. Толькі я хачу перасцерагчы ад усялякай непатрэбнай пісаніны. Павінны быць канкрэтныя дзелавыя прапановы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, развіццё адносін з усімі без выключэння краінамі, куды назначаюцца паслы, вельмі актуальна для Беларусі. У іх ліку Іран і Рэспубліка Карэя, з якімі неабходна актывізаваць супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка ў цэлым адзначыў, што з такімі краінамі, як Рэспубліка Карэя і Японія, дзе працуюць перспектыўныя, навукаёмістыя кампаніі, якія маюць вялікія фінансавыя рэсурсы, Беларусі трэба выбудоўваць больш глыбокія адносіны. "Маглі б працаваць (кампаніі. - Заўвага БЕЛТА) у Беларусі. Інтарэс у іх, я ведаю, вельмі вялікі. Тут мы недапрацоўваем", - адзначыў беларускі лідар.
Тое ж самае датычыцца і Славакіі, з якой, на думку Прэзідэнта, супрацоўніцтва можа быць значна больш актыўным, асабліва з улікам традыцыйна добрых двухбаковых адносін.
Беларусь зацікаўлена ў развіцці адносін з В'етнамам. Прэзідэнт нагадаў, што размова вялася аб тым, каб сумесна з партнёрамі ў гэтай краіне прасоўваць прадукцыю і ў іншыя дзяржавы рэгіёна. "Прадстаўніцтва павінна быць наша больш шырокае, перш за ўсё эканамічнае. Вельмі сур'ёзныя задачы там стаяць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Вялікія перспектывы ёсць для актывізацыі беларуска-бразільскага ўзаемадзеяння. Прэзідэнт у сувязі з гэтым адзначыў, што многія раней пастаўленыя задачы па развіцці супрацоўніцтва з гэтай краінай пакуль застаюцца нявырашанымі. Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на супрацоўніцтве з Украінай, з якой Беларусь звязваюць цесныя адносіны ў самых розных сферах.
Як паведамлялася, кіраўнік дзяржавы назначыў Юрыя Лазарчыка паслом Беларусі ў Іране, Андрэя Папкова - паслом у Рэспубліцы Карэя.
Аляксандр Міхневіч, які раней працаваў на пасадзе першага намесніка міністра замежных спраў, цяпер назначаны паслом Беларусі ў Бельгіі, пастаянным прадстаўніком пры ЕС і Еўрапейскім супольніцтве па атамнай энергіі, пастаянным прадстаўніком пры НАТА па сумяшчальніцтве, паслом Беларусі ў Люксембургу па сумяшчальніцтве.
Паслом Беларусі ў Славакіі назначаны Ігар Ляшчэня. Уладзімір Гошын будзе працаваць на пасадзе пасла Беларусі ў В'етнаме, а таксама Камбоджы па сумяшчальніцтве. Паслом Беларусі ва Украіне назначаны Ігар Сокал. Пасольства Беларусі ў Бразіліі ўзначаліць Аляксандр Царкоўскі. Дзмітрый Куптэль, які да гэтага часу з'яўляецца паслом Беларусі ў Эфіопіі, таксама будзе паслом ва Угандзе па сумяшчальніцтве.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даў згоду на назначэнне Андрэя Кулажанкі генеральным консулам Беларусі ў Мюнхене і Уладзіміра Чахлова - генеральным консулам у Адэсе.