26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" назваў ідыятызмам заявы аб жаданні Беларусі мышкаваць на расійскіх цяжкасцях, паведамляе БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, хоць ён і знаходзіцца ў дружалюбных адносінах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, яны часам вельмі жорстка ставяць пытанні адзін перад адным. "Я, можа, больш сабе дазваляю адкрыта гаварыць аб гэтым. Гэта ўжо з прычыны майго характару. Тут няма нічога такога падспуднага або нейкіх там гадкіх думак, пра якія часам пішуць, асабліва ў Расійскай Федэрацыі, розныя ідыёты. Я іх інакш не назаву. Вось я прачытаў адну з фраз і сабе пазначыў: "Калі Расійская Федэрацыя пад санкцыямі, то Лукашэнка скарыстоўвае гэты момант, бярэ гэты добры момант, каб штосьці запатрабаваць ад Расіі". Ідыятызм поўны! Ён проста не паддаецца крытыцы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, калі Расія знаходзіцца пад санкцыямі, то гэта негатыўна ўплывае і на Беларусь. "Гэта наш галоўны партнёр. Вось глядзіце: толькі загаварылі пра санкцыі, пра новую хвалю, якую нібыта амерыканцы гатовы ўвесці супраць Расіі, - абваліўся расійскі рубель. Нам што, добра ад гэтага? - задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. - Мы ў свой час ад апошняга вялікага абвалу расійскага рубля страцілі каля $3 млрд толькі на курсавых розніцах".
"Што я магу ад Расіі запатрабаваць, калі Расія ў цяжкім становішчы? Калі ў Расіі добра, Расія можа дастаткова купіць нашых тавараў. І, больш таго, калі трэба, і дапамагчы нам. Што яна і рабіла адпаведнай фінансавай падтрымкай і гэтак далей. Таму мы нічога тут не выгадваем. Няма тут нейкіх там падспудных плыней - нахіліць Расію, таму што яна аслабела або слабее ці ў яе складанае становішча. Няма гэтага, і ніколі не будзе. Слухайце, ну я вельмі ўжо, выбачайце за нясціпласць, вопытны палітык, каб мышкаваць на гэтых тэмах. Гэта поўны ідыятызм!" - заявіў Прэзідэнт Беларусі.