25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў сёння надзвычайных і паўнамоцных паслоў у Швейцарыі і Венесуэле, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраваць беларускай дыпмісіяй у Швейцарыі - гэта была вакантная пасада - будзе намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення - начальнік упраўлення аналізу, планавання, візавай і тарыфнай палітыкі галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Аляксандр Ганевіч.
Цяпер паміж краінамі актыўна развіваюцца адносіны па лініі знешнепалітычных ведамстваў, ідзе прапрацоўка візіту ў адказ кіраўніцтва швейцарскага парламента ў Беларусь. "Безумоўна, кіраўнік дзяржавы паставіў задачу развіваць і гандлёва-эканамічныя адносіны. Апошнія тры гады ў нас стабільна расце тавараабарот, у мінулым годзе ён дасягнуў $258 млн. Расце не толькі імпарт, але і экспарт", - расказаў дыпламат журналістам.
Аляксандр Ганевіч
Як, паведамлялася, у лютым бягучага года ў Мінску ўрачыста адкрылася пасольства Швейцарыі. Да гэтага ў беларускай сталіцы з 2008 года працавала аддзяленне пасольства гэтай краіны. На цырымонію прыехаў кіраўнік Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі Іньяцыа Касіс. "Пераўтварэнне аддзялення пасольства ў пасольства - не проста тэхнічнае перайменаванне. Гэты крок мае вялікае сімвалічнае значэнне. Гэта рашэнне паказвае зацікаўленасць Швейцарыі ў развіцці адносін з Беларуссю і надзею на тое, што той шлях у бок большай дэмакратызацыі, захавання правоў чалавека, па якім рухаецца Беларусь, будзе прадоўжаны. Хоць мы разумеем, што гэты шлях нялёгкі і даволі доўгі", - сказаў ён.
Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Венесуэле стане экс-дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Андрэй Молчан. Алег Пафераў, які займаў гэту дыпламатычную пасаду, быў вызвалены ад яе ў сувязі з неабходнасцю ратацыі.
Андрэй Молчан
Новаму паслу ў Венесуэле было даручана прапрацаваць максімальна эфектыўныя формы супрацоўніцтва з гэтай краінай. "Па ўказанні кіраўніка дзяржавы, які падкрэсліў, што Венесуэла застаецца блізкім, стратэгічным партнёрам Беларусі, нам трэба ўважліва прааналізаваць сітуацыю, якая там складваецца, і выпрацаваць максімальна эфектыўныя і ўзаемавыгадныя формы, алгарытмы работы ў цяперашніх няпростых умовах. Гэта тое, чым мы цяпер зоймемся", - сказаў Андрэй Молчан журналістам пасля сустрэчы з Прэзідэнтам.
Дыпламат адзначыў, што ў часы, калі прымалася рашэнне аб выхадзе на лацінаамерыканскі рынак, пераваг супрацоўніцтва з Венесуэлай было больш чым дастаткова. За 12 гадоў была створана моцная база адносін у энергетыцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, гуманітарнай сферы. "Аднак на сённяшні дзень гэтыя адносіны запаволіліся. На жаль, развіццё сітуацыі ў свеце з пункту гледжання геапалітыкі і эканомікі паставіла Венесуэлу ў вельмі няпростае становішча. Венесуэла трапіла ў даволі сур'ёзны і глыбокі крызіс", - канстатаваў пасол.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўзгадніў назначэнне Ільі Лапуця генеральным консулам Беларусі ў латвійскім Даўгаўпілсе. Да гэтага дыпламат узначальваў упраўленне інфармацыйнай бяспекі і тэхналогій Міністэрства замежных спраў. Першарадная задача генконсула - падтрымліваць беларускіх грамадзян, якія пражываюць у Латвіі.
Ілья Лапуць
Паводле слоў Ільі Лапуця, Латвія - яскравы прыклад таго, як можна быць краінай Еўрасаюза і дружыць з Беларуссю. "У нас вельмі цесныя сувязі ва ўсіх сферах: і ў эканоміцы, і ў палітыцы, і ў культуры. Усё гэта будуецца на блізкіх адносінах паміж простымі людзьмі. Гэта адзіная краіна, з якой у нас дзейнічае пагадненне аб бязвізавых паездках для прыгранічнага насельніцтва", - канстатаваў дыпламат.