12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 12 лютага правёў кадравыя назначэнні - назначыў двух памочнікаў Прэзідэнта, паслоў, а таксама даў згоду на назначэнне новых кіраўнікоў дзяржорганаў і арганізацый, паведамляе БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што новым кіраўнікам раёнаў і памочнікам Прэзідэнта трэба будзе ў поўным аб'ёме вырашаць падобныя няпростыя задачы, пра якія ён гаварыў і раней. "Два гады - гады перадвыбарныя, таму трэба паказаць людзям, што мы ўмеем вырашаць праблемы. Мы будзем здаваць экзамен у гэтым і ў наступным годзе. Пра гэта я таксама заўсёды гавару напярэдадні такіх падзей. І не трэба баяцца, што мы сапраўды будзем здаваць экзамен. Да гэтага сур'ёзна будзем рыхтавацца. І паказваць людзям сваю здольнасць кіраваць дзяржавай", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на пытаннях эканомікі, якімі таксама давядзецца займацца новым памочнікам Прэзідэнта і кіраўнікам райвыканкамаў. "Нас палохаюць рознымі пагрозамі. Але заўсёды галоўная фундаментальная праблема ў любой дзяржаве - гэта эканоміка. Будзе добра ў эканоміцы - будзе добра ў людзей дома, перш за ўсё ў сем'ях", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён назваў эканоміку пытаннем нумар адзін для ўсіх - ад Прэзідэнта да старшыні сельскага Савета. Закранаючы сацыяльны аспект, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі вельмі многае зроблена для нармальнага жыцця людзей. "Трэба прадоўжыць у гэтым напрамку, пачынаючы ад аграгарадкоў і заканчваючы горадам-героем Мінскам. Усім задачы пастаўлены Прэзідэнтам, расказана, дзе, што будаваць і як добраўпарадкоўваць вуліцы, дзе пасадзіць якое дрэва і г.д.", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да Віталя Прымы, цяпер памочніка Прэзідэнта - інспектара па Мінску, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў сталіцы хапае праблем. Ён даручыў "дакладна, непрадузята паглядзець на Мінск, перш за ўсё, на кадры і ўбачыць праблемы, якія трэба вырашыць". Своеасаблівым экзаменам для сталіцы стане правядзенне двух буйнейшых міжнародных спартыўных мерапрыемстваў - II Еўрапейскіх гульняў і лёгкаатлетычнага матчу Еўропа-ЗША.
Памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Брэсцкай вобласці быў назначаны Анатоль Маркевіч, перад якім таксама пастаўлены задачы па развіцці рэгіёна.
Сяргею Федчанку, новаму старшыні Навагрудскага райвыканкама, кіраўнік дзяржавы даручыў звярнуць асаблівую ўвагу на прамысловасць. "Навагрудак - гэта вельмі важны рэгіён і з гістарычнага пункту гледжання, і эканамічна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што новаму кіраўніку будзе нескладана ўнікнуць у праблемы даручанага яму раёна.
Віктар Рабкавец сёння быў узгоднены на пасаду старшыні Клічаўскага райвыканкама. Прэзідэнт паабяцаў пабываць у Клічаве, назваўшы рэгіён няпростым. "Сустрэнемся ў гэтым годзе і паглядзім на тое, што вы там зрабілі, што можаце зрабіць, а ў чым, магчыма, трэба і дапамагчы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў інцыдэнт у стаўбцоўскай школе. "Я суткі аналізую сітуацыю і ўсялякія размовы на гэту тэму: хто вінаваты. Усе мы вінаватыя, і справа не толькі і не столькі ў інтэрнэце. У нас у школах бардак, поўны бардак. Ніколі такога не было", - абурыўся Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт запатрабаваў звярнуць увагу на месцы масавага збору людзей, у першую чаргу дзяцей. Што датычыцца інцыдэнту ў стаўбцоўскай школе, кіраўнік дзяржавы лічыць, што "трэба па поўнай спагнаць перш за ўсё са старшыні райвыканкама". "І з міністра адукацыі. Чаму не навялі парадак у школе?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Школа - святое месца. Як у царкву, трэба ісці ў школу", - перакананы Прэзідэнт. Ён крытычна ацаніў сітуацыю ў школах і запатрабаваў да яго вяртання з камандзіроўкі ў Расію далажыць, што зроблена па навядзенні парадку. "Жалезная дысцыпліна павінна быць", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. "Нам трэба захаваць тую стабільнасць, якая сёння ў краіне ёсць", - дадаў ён.
"Галоўная каштоўнасць - гэта чалавечае жыццё", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Падводзячы вынік, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наперадзе вялікая работа і заклікаў працаваць па-мужчынску, яшчэ раз нагадаўшы пра пытанні дысцыпліны і парадку на падведамных тэрыторыях.
Прэзідэнт назначыў новых паслоў у шэрагу замежных дзяржаў. Інтарэсы Беларусі ў Польшчы будзе прадстаўляць Уладзімір Чушаў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дыпламату павінна быць вядома спецыфіка двухбаковых адносін. "Не скажу, што яны без праблем. Іх хапае. Але ўсе яны абсалютна вырашальныя. І для гэтага трэба зрабіць усё, таму што наступныя гады для беларуска-польскіх адносін будуць вызначальнымі на вялікую перспектыву", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы арыентаваў новага пасла на тое, каб ён даводзіў нацыянальныя інтарэсы да польскага боку. "Гэта не чужы нам народ", - нагадаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што паміж беларусамі і палякамі ёсць узаемаразуменне. "Ніякіх пагроз ад нас яны няхай не чакаюць. Але гэта не значыць, што калі яны будуць бразгаць зброяй, то мы будзем спакойна на гэта глядзець. Таксама ўлічваючы нашу сумесную беларуска-расійскую групоўку на гэтым напрамку", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб развіцці супрацоўніцтва з Іспаніяй, Прэзідэнт адзначыў, што лічыць недастатковай работу з гэтай краінай. Паўлу Пуставому, назначанаму Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Іспаніі і па сумяшчальніцтве пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Сусветнай турысцкай арганізацыі, трэба будзе, паводле слоў Прэзідэнта, "закласці трывалы фундамент адносін". "Гэта цікавая краіна, і, думаю, што два-тры гады - і мы паўмільярда тавараабарот павінны мець", - перакананы кіраўнік дзяржавы. Беларуска-іспанскі тавараабарот дасягнуў прыкладна $316 млн, апошнія два-тры гады ён расце. У Беларусі і Іспаніі дастаткова сфер узаемадзеяння, у тым ліку ў прамысловасці.
Акрамя таго, сёння па выніках кадравага дня ў Прэзідэнта пашырана сфера адказнасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Венгрыі і па сумяшчальніцтве ў Босніі і Герцагавіне Аляксандра Панамарова і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Японіі Руслана Есіна. Першы будзе таксама паслом па сумяшчальніцтве ў Харватыі, другі - па сумяшчальніцтве ў Аўстралійскім Саюзе і Новай Зеландыі. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Алена Купчына будзе таксама прадстаўляць інтарэсы краіны ў Славеніі, у АБСЕ.
Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі - шматпрофільная структура, прадпрыемствы і арганізацыі якой займаюцца самымі рознымі напрамкамі дзейнасці. Аляксандр Лукашэнка сёння назначыў Андрэя Свірыдава намеснікам кіраўніка спраў. "У вас наперадзе разам з кіраўніком спраў велізарная работа, - адзначыў Прэзідэнт, звяртаючыся да назначэнца. - Жалезная павінна быць дысцыпліна і вынік. Сказана лыжы зрабіць - рабіце, у вас ёсць прадпрыемства. Сказана зямлю капаць - трэба капаць і хлеб вырошчваць. Я разумею, што вы займаецеся ўсім - ад малака, кароў да турыстычных пытанняў".
"У свой час сабралі па ўсёй краіне праблемныя прадпрыемствы, і з імі трэба працаваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае, каб была дысцыпліна, адказнасць". Прэзідэнт таксама заявіў: "Закручвайце гайкі як належыць і дзейнічайце".
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне Аляксандра Мароза генеральным дырэктарам ААТ "Мінскі механічны завод імя С.І.Вавілава - кіруючая кампанія холдынга "БелОМА". Раней ён працаваў на пасадзе першага намесніка генеральнага дырэктара гэтага ААТ. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад новага кіраўніка ўжо да канца года дабіцца добрых вынікаў дзейнасці холдынга.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Калі трэба - гаварыце, чым дапамагчы. Прыязджайце ў Міністэрства прамысловасці, стаўце ім задачы ад майго імя. Вынік павінен быць. Гэта добрае прадпрыемства, дзе можна працаваць і атрымліваць вынікі".
Разам з гэтым кіраўнік дзяржавы жорстка выказаўся аб недапушчальнасці карупцыйных праяў. Як вядома, былы генеральны дырэктар гэтага холдынга не так даўно быў затрыманы. "Уся эканоміка - ад продажаў гатовай прадукцыі, ад кошту гэтай прадукцыі. Яны заніжалі кошт, наколькі я помню гэту крымінальную справу. Там заніжалі цану на ваш тавар, а розніцу дзялілі паміж спажыўцом у Расіі і частку клалі сабе ў кішэнь", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананасць, што ў калектыве зробяць належныя вывады і такія факты не паўторацца, а работа холдынга выйдзе на добры ўзровень.
Акрамя таго, Прэзідэнт даў згоду на назначэнне намеснікам міністра архітэктуры і будаўніцтва Алега Швеца, узгадніў назначэнне Ірыны Асмолы першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.