30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30-31 мая наведае з рабочым візітам Казахстан. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы прыме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Перагаворы пройдуць у вузкім і пашыраным складах.
На парадку дня пытанні паглыблення эканамічных адносін ЕАЭС з трэцімі краінамі і ключавымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі.
У ліку важных для Беларусі пытанняў канцэпцыі фарміравання ў ЕАЭС агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў.
Таксама будуць абмяркоўвацца асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў - членаў ЕАЭС на 2016-2017 гады, рэалізацыя асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці саюза.
Акрамя таго, праграмай візіту запланавана сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць актуальныя пытанні двухбаковых адносін, узаемадзеянне ў інтэграцыйных аб'яднаннях.