2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным, каб Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прымала больш актыўны ўдзел у працэсе маніторынгу за цэнаўтварэннем у краіне. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт падкрэсліў, што цэнаўтварэнне застаецца для насельніцтва пытаннем нумар адзін, і таму тэма павінна знаходзіцца ў полі зроку прафсаюзаў. "Вы абараняеце перш за ўсё, як вы сябе пазіцыянуеце, інтарэсы працоўных, нашых людзей. Зацікаўленасць чалавека ў цэнаўтварэнні самая прамая. Не такія багатыя ў нас людзі, каб купляць па шалёных цэнах прадукцыю, асабліва тую, якая вырабляецца ў нас: прадукты харчавання, адзенне і іншае", - сказаў ён.
Асабліва важным пытанне кошту тавараў з'яўляецца для малаабароненых груп насельніцтва, у прыватнасці ветэранаў, пенсіянераў. "Яны ж за імпартам не ганяюцца, а тое, што яны апранаюць і ядуць, - гэта вырабляецца ў Беларусі, і якая цана будзе гэтых тавараў і прадуктаў, залежыць шмат у чым ад нас", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ён ужо выказваўся аб неабходнасці праводзіць маніторынг цэнаўтварэння з боку ФПБ, і пацікавіўся, якім чынам цяпер наладжана гэта работа. "Я прасіў пракантраляваць, стварыць зладжаную, выразную сістэму і кантраляваць цэны ў Беларусі. Як тут ідуць справы? І чаму людзі пастаянна звяртаюць нашу ўвагу пры любых сацыялагічных апытаннях на гэту праблему? Гэта праблема ў шэрагу першых", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі з мая 2017 года штомесяц вывучае цэны па 98 пазіцыях прадуктаў штодзённага попыту. Маніторынг праводзіцца ва ўсіх раёнах краіны ў 274 магазінах крокавай даступнасці, буйных гандлёвых сетках, гандлёвых аб'ектах прыватнай і дзяржаўнай уласнасці. Аб выніках маніторынгу ФПБ штоквартальна інфармуе ўрад і МАРГ.