24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне Прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму з нагоды Дня незалежнасці Украіны. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Даўнія традыцыі дружбы і добрасуседства служаць асновай эфектыўнага ўзаемадзеяння Беларусі і Украіны ў няпростых умовах сучаснага свету", - гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў зацікаўленасць у пашырэнні ўсебаковага беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва на прынцыпах роўнасці і павагі, развіцці канструктыўнага партнёрства як на нацыянальным, так і на рэгіянальным узроўні.
Прэзідэнт Беларусі пажадаў свайму ўкраінскаму калегу моцнага здароўя і поспехаў у адказнай дзяржаўнай дзейнасці, а народу Украіны - міру, стабільнасці і дабрабыту.