16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў тэлеграму лётчыку-касманаўту Расійскай Федэрацыі Алегу Навіцкаму, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы выказаў асаблівую ўдзячнасць за тое, што ў такі адказны момант, як падрыхтоўка да старту касмічнага карабля, Алег Навіцкі не забывае пра свае карані, пра Беларусь, чый сцяг адправіцца ў космас разам з ім.
"Дзе б Вы ні знаходзіліся, памятайце, што Радзіма ганарыцца дастойным сынам гераічнага і працавітага беларускага народа!" - гаворыцца ў тэлеграме.
Як паведамлялася, Алег Навіцкі ўзначаліць асноўны экіпаж новай экспедыцыі на Міжнародную касмічную станцыю, старт касмічнага карабля "Саюз МС-03" запланаваны на 17 лістапада. На МКС касманаўт даставіць беларускі сцяг.
Разам з Алегам Навіцкім у космас адправяцца астранаўты з Францыі і ЗША. Іх чакаюць больш як 50 навуковых эксперыментаў, а таксама работа з расійскім, японскім і амерыканскім касмічнымі грузавымі караблямі.
Для ўраджэнца Беларусі гэта ўжо другі палёт у космас. Першы раз ён знаходзіўся на арбіце з 23 кастрычніка 2012 года па 16 сакавіка 2013 года ў якасці камандзіра карабля "Саюз ТМА-06М".