14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне дэлегатам і ўдзельнікам ІІ З'езда Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"Вы ўзялі на сябе высакародную місію - садзейнічаць умацаванню дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі Беларусі і Расіі, працаваць над пабудовай агульнай культурнай прасторы, адстойваць высокія эстэтычныя і маральныя ідэалы", - гаворыцца ў прывітанні.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на рахунку Саюза некалькі паспяховых сумесных праектаў. "Дзякуючы вашым намаганням пераклады лепшых твораў сучасных беларускіх аўтараў рэгулярна з'яўляюцца на старонках расійскіх выданняў, а беларускія чытачы маюць магчымасць знаёміцца з творчасцю рускіх паэтаў, празаікаў, публіцыстаў", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што дзейнасць Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы і ў далейшым будзе садзейнічаць развіццю і ўзаемаўзбагачэнню беларускай і рускай літаратуры.