11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 мая падпісаў указ нумар 173 "Аб удасканаленні дзейнасці Савета па развіцці прадпрымальніцтва". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Дакумент накіраваны на павышэнне эфектыўнасці работы гэтага органа і ўключэнне дзелавой супольнасці ў працэс рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы эканомікі. Для гэтага замацаваны паўнамоцтвы савета па каардынацыі дзейнасці абласных (раённых) саветаў па развіцці прадпрымальніцтва. Гэта дасць магчымасць яму акумуляваць інфармацыю аб умовах вядзення бізнесу ў рэгіёнах і пры неабходнасці сумесна з мясцовымі органамі ўлады аператыўна вырашаць любыя праблемныя пытанні.
Савет таксама надзяляецца правам уносіць у дзяржаўныя органы і арганізацыі прапановы па ўдасканаленні як нарматыўных прававых актаў, так і практыкі іх прымянення. Такі падыход прызначаны забяспечыць эфектыўнае ўрэгуляванне існуючых праблем пры дапамозе канструктыўнага дыялогу прадстаўнікоў дзяржаўных ведамстваў і бізнесу. Акрамя таго, указам абноўлены персанальны склад Савета па развіцці прадпрымальніцтва. У яго ўключаны кіраўнікі і ўласнікі розных прадпрыемстваў краіны.
У сваю чаргу прадстаўнікі іншых прадпрымальніцкіх саюзаў (асацыяцый) атрымаюць статус афіцыйных партнёраў, які дасць ім магчымасць прымаць удзел у рабоце савета і выконваць іншыя функцыі.