6 лістапада, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусы, як талерантная і адкрытая нацыя, будуць усямерна садзейнічаць росту ўзаемаразумення і супрацоўніцтва на кантыненце. Аб гэтым заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на цырымоніі прынясення прысягі з нагоды ўступлення на пасаду Прэзідэнта Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь з'яўляецца самым бяспечным і самым надзейным маршрутам, які злучае Еўропу і Азію. "Гэтыя дзве цывілізацыі абавязкова пачнуць збліжацца, таму што альтэрнатывы інтэграцыі і інтэграцыйным працэсам яшчэ на Зямлі ніхто не прыдумаў, - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. - Процістаянне паміж Захадам і Усходам прыводзіць толькі да далейшай эскалацыі канфліктаў, гуманітарных катастроф, рэзкіх спадаў узроўню жыцця людзей і ўсеагульнай дэградацыі. Прыклад таго - наша родная Украіна. Нехта там свае жыццёвыя інтарэсы бачыць, а церпіць нават ужо не народ Украіны, а тыя, хто не змог выехаць з таго ж Данбаса - старыя і дзеці".
"Хочацца некаму пастраляць - выходзьце ў чыстае поле і квасьце там адзін аднаго, але не чапайце тых людзей, якія хочуць мірна жыць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы, беларусы, як талерантная і адкрытая нацыя будзем усямерна садзейнічаць росту ўзаемаразумення і супрацоўніцтва на кантыненце, каб стаць сувязным звяном паміж дзяржавамі і народамі. У гэтым бачу адну з найважнейшых сваіх задач на пасадзе Прэзідэнта, - падкрэсліў беларускі лідар. - Калі будзе дасягнута пастаўленая мэта, гэта дасць плён як Беларусі, так і нашым суседзям, і іншым краінам".