Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

14 Чэр 2019

Лукашэнка на палях саміту ШАС правёў сустрэчы з замежнымі лідарамі

Лукашэнка на палях саміту ШАС правёў сустрэчы з замежнымі лідарамі

14 чэрвеня, Бішкек /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Шэраг двухбаковых сустрэч Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з замежнымі лідарамі адбыўся на палях саміту ШАС у Бішкеку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Яшчэ да пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў у пашыраным складзе розную актуальную праблематыку Прэзідэнт Беларусі абмеркаваў з прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі. Быў адзначаны высокі ўзровень узаемаадносін паміж краінамі як у палітыцы, так і эканоміцы. У частцы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва размова ішла аб неабходнасці ў бліжэйшы час выпрацаваць 3-4 канкрэтныя ключавыя праекты, якія дазволілі б павялічыць аб'ём супрацоўніцва. У сувязі з гэтым дадзена даручэнне кіраўнікам знешнепалітычных ведамстваў  падключыць да гэтай работы міжурадавую камісію. Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў запрашэнне Нарэндру Модзі наведаць Беларусь, і гэта запрашэнне было з задавальненнем прынята. Па дыпламатычных каналах будуць прапрацаваны канкрэтныя даты.

Адбылася сустрэча з Прэзідэнтам Афганістана Ашрафам Гані. Канстатавана, што пакуль застаюцца не рэалізаванымі дасягнутыя раней дамоўленасці. У прыватнасці, раней было ўзгоднена супрацоўніцтва ў сферах зборачных вытворчасцей, сельскагаспадарчых тэхналогій (перапрацоўка сельгаспрадукцыі), ВПК у частцы пастаўкі, мадэрнізацыі і рамонту. Вырашана аднавіць дыялог у мэтах рэалізацыі гэтых дамоўленасцей.

"Дамовіліся аднавіць дыялог па ўсіх напрамках. У першую чаргу ў тым, што датычыцца гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, стварэння сумесных вытворчасцей. Афганістан востра мае патрэбу ў тэхніцы для аднаўлення краіны. Гэта датычыцца і супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі, абмену тэхналогіямі, стварэння перапрацоўчых прадпрыемстваў. Бакі таксама абмяркоўвалі магчымасць актывізацыі ўзаемадзеяння ў ваенна-тэхнічнай сферы. Для Афганістана гэты напрамак з'яўляецца вельмі актуальным", - расказаў журналістам кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.

Пасля завяршэння афіцыйнай часткі саміту адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам і Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

У размове з расійскім лідарам былі коратка абмеркаваны бягучыя пытанні ўзаемадзеяння. Аляксандр Лукашэнка запрасіў Уладзіміра Пуціна наведаць ІІ Еўрапейскія гульні, прэзідэнты абмеркавалі ўдзел у іх расійскіх спартсменаў. Былі таксама пацверджаны раней дасягнутыя дамоўленасці аб сустрэчы для абмеркавання пытанняў далейшай інтэграцыі.

"З Уладзімірам Пуціным абмяркоўваліся пытанні дзейнасці рабочай групы, якая створана ў рамках дыскусій па паглыбленні інтэграцыі паміж нашымі дзяржавамі. Ёсць пэўны графік работы. Цяпер абмяркоўваюцца прапановы, якія паступілі з абодвух бакоў. Рабочая група ўжо сустракалася ў Маскве. Літаральна гэтымі днямі яны праводзяць адпаведнае сумеснае мерапрыемства і абмяркоўваюць астатнія пытанні, якія выклікаюць яшчэ нейкія сумненні. Думаю, што ў бліжэйшыя дні вынікі работы гэтай групы будуць даложаны прэм'ер-міністрам. А яны ўжо даложаць кіраўнікам дзяржаў. Менавіта аб гэтым - ходзе работы над такімі прапановамі і ў цэлым нашым двухбаковым супрацоўніцтве - ішла размова", - заявіў Уладзімір Макей.

Карыстаючыся выпадкам, Аляксандр Лукашэнка асабіста павіншаваў Уладзіміра Пуціна з дзяржаўным святам - Днём Расіі, якое нядаўна прайшло.

У ліку абмяркоўваемых на сустрэчы з Сі Цзіньпінам пытанняў было правядзенне ў ліпені бягучага года міжнароднага форуму ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". Узнімалася таксама тэма ўзаемадзеяння ў рамках інвестыцыйных праектаў.

Лідары Беларусі і Кітая абмяняліся падарункамі. У ліку падарункаў ад беларускага боку была бронзавая скульптура бусла. Гэта прыгожая птушка з'яўляецца даволі частым госцем як у беларускім, так і кітайскім мастацтве. Яна з'яўляецца сімвалам мудрасці і даўгалецця, прадвеснікам шчасця, дабрабыту. У вобразе бусла таксама пажаданне міру і гармоніі. Яшчэ адзін традыцыйны падарунак - кошык з беларускімі прадуктамі. Дарэчы, 15 чэрвеня Сі Цзіньпін будзе адзначаць дзень нараджэння.

У час сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым адзначалася, што бакі рэалізуюць больш за дзясятак вельмі важных узаемавыгадных праектаў. Кіраўнікі дзяржаў умовіліся аб паскарэнні адпаведнай работы, у тым ліку ў рамках рэалізацыі зацверджанай раней дарожнай карты развіцця супрацоўніцтва. Гэтыя і іншыя пытанні будуць у цэнтры ўвагі ў час маючага адбыцца візіту ў Беларусь узбекскага лідара.

Адбыліся сустрэчы з Прэзідэнтам Кыргызстана Сааранбаем Жээнбекавым і Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.

"З Прэзідэнтам Таджыкістана абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі яго афіцыйнага візіту ў Беларусь. Ён плануе прыбыць на цырымонію закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў. Але адначасова ён плануе сумясціць наведванне Беларусі з арганізацыяй свайго афіцыйнага візіту. У нас таксама ёсць там (у супрацоўніцтве з Таджыкістанам. - Заўвага БЕЛТА) сумесныя ўзаемавыгадныя праекты", - падзяліўся падрабязнасцямі міністр замежных спраў.

На завяршэнне Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў двухбаковы парадак дня з прэм'ер-міністрам Пакістана Імранам Ханам. "У нас у свой час склаліся вельмі добрыя адносіны з Пакістанам. І гэтыя адносіны сваімі каранямі ідуць у далёкія часы супрацоўніцтва СССР з Пакістанам", - адзначыў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што глыбіня беларуска-пакістанскіх адносін характарызуецца тым, што бакі дайшлі да канкрэтных праектаў, але з-за шэрага абставін працэс узаемадзеяння ў эканоміцы і гандлі крыху запаволіўся. "Цікавасць да супрацоўніцтва з аднаго і другога боку каласальная. У нас ёсць чым гандляваць. Мы гатовы дзяліцца тэхналогіямі, аб чым дамаўляліся, ствараць сумесныя прадпрыемствы на тэрыторыі Пакістана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запрасіў прэм'ер-міністра Пакістана зрабіць візіт у Беларусь у зручны для яго час: "Абяцаю, што вам спадабаецца".

У сваю чаргу Імран Хан згадзіўся з тым, што працэс збліжэння краін і ўмацавання адносін у эканоміцы і іншых сферах крыху запаволіўся або нават быў замарожаны. "Сёння ў нашай краіне адбываюцца маштабныя перамены. Мы цалкам пераасэнсоўваем тое, як мы кіруем краінай, робім яе больш адкрытай. Пакістан змяняецца, і я спадзяюся, што гэтыя змяненні дадуць магчымасць аднавіць нашы адносіны, зрабіць іх яшчэ больш плённымі і моцнымі", - сказаў ён.

Уладзімір Макей адзначыў высокую насычанасць перагаворнага графіка кіраўніка беларускай дзяржавы на палях саміту: "Сёння гэта быў сапраўды марафон сустрэч, якія кіраўнік беларускай дзяржавы правёў у Кыргызстане".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі