12 кастрычніка, Карма /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 кастрычніка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання аграрыяў на фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2024" у гарадскім пасёлку Карма, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Так павялося ўжо, што самая гарачая пара ў вяскоўца - вясна і лета, а "Дажынкі" мы заўсёды адзначаем пад прамянямі не вельмі яркага асенняга сонца. Але гэта не бяда: такое надвор'е Гомельшчыне і ўсёй краіне вельмі патрэбна. І вам, працаўнікам цэха пад адкрытым небам, да перамен не прывыкаць. Нізкі паклон за вашу працу. За цярпенне і ўменне працаваць насуперак усім нягодам і абставінам (гэта вельмі характэрна для нашай Гомельшчыны). Такім, ад якіх нават могуць апусціцца рукі. Але не ў вас", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ордэн Пашаны кіраўнік дзяржавы ўручыў вадзіцелю ААТ "Калінінскі" Добрушскага раёна Аляксандру Старацітарову. Медаль "За працоўныя заслугі" з рук Прэзідэнта атрымалі вадзіцель агракамбіната "Холмеч" Рэчыцкага раёна Аляксандр Забіран, трактарыст-машыніст ААТ "Отар" Чачэрскага раёна Міхаіл Мінянкоў і трактарыст-машыніст ААТ "Сцяг Радзімы" Гомельскага раёна Мікалай Чыгарэўскі.
Нагрудны знак да ганаровага звання "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь" Аляксандр Лукашэнка ўручыў дырэктару ААТ "Зорка" Чачэрскага раёна Галіне Трыбунах, а спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта - вядучаму інжынеру-тэхнолагу Палескага вытворчага ўчастка ААТ "Мілкавіта" Святлане Атрошчанка і трактарысту-машыністу КСУП "Судкова" Хойніцкага раёна Алене Волкавай, аператару аўтамата па вытворчасці вараных каўбас мясаперапрацоўчага цэха Жлобінскага мясакамбіната Раісе Дзегцяровай, аператару машыннага даення ААТ "Шлях Ільіча" Лельчыцкага раёна Святлане Жогла, галоўнаму заатэхніку-селекцыянеру ААТ "Ціхінічы" Рагачоўскага раёна Тамары Каравіцкай, галоўнаму заатэхніку СВК "50 год Кастрычніка" Рэчыцкага раёна Ніне Пішчык, вадзіцелю грузавога аўтамабіля ААТ "Імя Жукава" Брагінскага раёна Уладзіміру Шахніцкаму.
Падзякі Прэзідэнта таксама былі ўдастоены калектывы работнікаў сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства "Палессе-Аграінвест" Петрыкаўскага раёна і ААТ "Ціхінічы" Рагачоўскага раёна. Апошнім кіраўнік дзяржавы таксама падарыў сертыфікат на трактар "Беларус".
Пасля цырымоніі ўзнагароджвання кіраўніку дзяржавы ўручылі святочны каравай ад хлебаробаў Гомельшчыны як сімвал мірнай і стваральнай працы.